RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Працаваў я шафёрам. 10 год папрацаваў шафёрам – ужо нешта зразумеў у гэтым жыцьці. Але ўсё роўна нешта не давала мне спакою. Ня мог згадзіцца з тым, што маё жыцьцё працячэць вось так – зрана ўстаў, пайшоў на работу, недзе ў шостай гадзіне прыйшоў дахаты, паглядзеў тэлевізар… На горад ужо ісьці нядобра было: пойдзеш на горад – нап’есься ці што яшчэ… Даруйце мне прамату. Рос звычайным хлопцам, рознае было – дыскатэкі, сьпіртное… Што казаць. А пасьля ноч, ізноў спаць. І так дзень за днём, месяц за месяцам, год за годам. Нешта мяне не задавальняла, не падабалася.

Калі заставаўся сам-на-сам з сабой – пачынаў думаць: для чаго я на гэтым сьвеце, які сэнс тога майго бытаваньня, што я тут ёсьць? Пройдуць некалькі гадоў, ну няхай у 70 год (як у Псальме сьпяваецца, гэта ўжо нармальны тэрмін), і памрэш, закапаюць цябе і не застанецца нічога. Чаму я тут, на гэтым сьвеце? Цяжка было неяк. Такія думкі мяне адольвалі. Шукаў сэнс гэтага жыцьця.

І вось мая сястра Сьняжана пайшла першая да касьцёла, і на Божае Нараджэньне ставілася батлейка, як зазвычай у Каталіцкім Касьцёле робіцца. І патрэбная была роль Сьвятога Юзафа, ім не хапала. І тады яна мне запрапанавала: “Ну прыйдзі, сыграй”. Я згадзіўся на гэтую роль.

І першае што мяне ўразіла? Ведаеце, ёсьць розныя кампаніі, тусоўкі іх модна цяпер называць сярод сьвецкай моладзі – там трэба паказаць сябе з моцнага боку, гэта значыць, ня даць сябе ў крыўду. Цябе ўдараць – ты мусіш адказаць. Калі не адкажаш – будзеш біты ўсё жыцьцё.

А там зусім іншая атмасфэра была. Я там прыйшоў, на мяне паглядзелі – добра, што прыйшоў. Да мяне адразу зь нейкай павагай аднесьліся. Мяне гэта зьдзівіла, але натхніла. Адным словам, мне гэта спадабалася.

І я пачаў цікавіцца. І тады сястра дала мне першыя ўрокі рэлігіі – хто такі Бог. Ужо жыцьцё маё набыло свой кірунак, свой кірунак да Бога. Так ужо першыя блёсткі, першыя малюнкі паявіліся, першыя думкі пра сьвятарства. Пасьля – пілігрымкі, малітва ў Будслаўскім храме перад іконай Маці Божай, Імша Сьвятая, Камунія, споведзь (споведзь – гэта дужа важна).

Я вяртаюся да хаты, і адчуў, што хіба пайду я ў сэмінарыю. Гэта – новы цуд, цуд быў Божы.

кс. Марк Казлоўскі
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org