RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Дзяцінства і маладосьць былі бязрадаснымі і шэрымі, таму пра тое, што было, што працякло, – і ўспамінаць, і гаварыць ня хочацца. Скажу пра тое, што вырашыла мой лёс.

Нейкі час мне давялося жыць у маёй цёткі, мамінай сястры Франі, якая настаўнічала. Ёй было крышачку лягчэй жыць, чым маёй маці, і яна ўзяла мяне, чым дапамагла сваёй сястры. Францішка Антонаўна Ціткевіч выкладала нямецкую мову. Мае стрыечныя брат і сястра добра ведалі некалькі моваў, і я таксама цягнулася за імі. Але найлепшай была мне родная мова. На ёй сьпявалася, на ёй нават пісаліся вершы пра тое, што было наўкола, што цешыла слых і зрок. Адзін зь іх трапіў у насьценгазэту, хочацца яго прачытаць:

Мясьцін на сьвеце многа ёсьць.
Іх не зьлічыць.
Я ў тых мясьцінах толькі госьць,
А тут мне жыць,
Тут песьні матчыны сьпяваць,
І бегаць па грыбы,
І агароды паліваць,
І мроіць ля вярбы.

Памятаю як настаўнік рускай мовы Кацалевіч (ён якраз быў рэдактарам гэтай газэты) вельмі хацеў, каб я пераклала гэты верш на рускую мову. Я не хацела перакладаць, ён у мяне ніяк не атрымоўваўся. Я сказала: “Тады дапамагайце”. Але калі мы зь ім пачалі перакладаць, дык ён таксама ня мог яго перакласьці і дапамагчы мне і так пакінуў. Дык я тады сказала, што хачу быць настаўніцай, і гэта вырашыла мой лёс.

Я да гэтай пары і настаўнічаю. Вучу дзяцей мове, вучу любіць літаратуру, вучу пісаць вершы, кірую паэтычнай студыяй “Натхненьне”. Дзеці мараць, мроюць, шукаюць, смакуюць словы, спадзяюцца на лепшую долю, і я таксама спадзяюся на лепшую долю.

Аўгіньня Кавалюк, Санкт-Пецярбург
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org