RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Раскажу я вам гісторыю, як я аднойчы ледзь не ўступіла ў партыю.

Гэта было ў 1990-м годзе. А было гэта ў Гішпаніі. Я ўпершыню трапіла за мяжу, паехала ў турпаездку. Вось прыляцелі мы ў Мадрыд увечары позна і на настпуны дзень раніцай у нас было некалькі гадзін вольнага часу. Ну, здавалася б, можна ісьці куды хочаш. Але куды ты тут пойдзеш, калі ў нас не было з сабой ніякіх грошай? У той жа час нельга было везьці з сабой валюту за мяжу. Мы вось тут, я памятаю, здавалі па 500 рублёў савецкіх, а нам там мусілі выдаць па 82 даляры ў пераліку гішпанскай валютай. Але выдалі іх нам не ў пачатку, а недзе так бліжэй да канца. Ня пойдзеш ні ў музей, ні ў тэатр, ні ў краму – проста можна ісьці па горадзе. Ну я сабе ішла адна па горадзе і чытала там усе шыльды, якія былі. Я вучыла гішпанскую мову і мне было цікава ўсё, што напісана.

Бачу, стаіць плякат такі вялікі і напісана сінім флямастарам ад рукі. Стала яго чытаць. Аказалася, што гэта быў ня проста плякат, а с сакрэтам. Бо там сядзеў у кустах такі чалавек-павучок. І ён глядзеў, ці ня трапіцца якая-небудзь спажыва. Вось хто доўга чытае, ён да таго выходзіць, і да мяне ён выйшаў. І кажа: ці ня хочаце вы ўзяць удзел у сацыялягічным апытаньні? Я думаю: о, як пашанцавала, першы дзень у чужой краіне, сацыялягічнае апытаньне, давай, кажу, канешне.

Стаў ён мне задаваць пытаньні накшталт таго, што важнейшае – ці каб чалавек падпарадкоўваўся законам дзяржавы, ці каб дзяржава задавальняла патрэбы чалавека. І так у мяне ўсё выходзіла, што чалавек важнейшы. Ён кажа: усё выдатна, мы з вамі аднадумцы, ці ня хочаце вы пазнаёміцца з маімі сябрамі, яны тут жывуць побач. Я думаю: як пашанцавала, першы дзень у чужой краіне, і адразу сябры, адразу ў госьці запрашаюць. Без нічога-ніякага, іду зь ім, адна!

Прыходзім у кватэру, і бачу я, што нешта тут ня тое. У гэтай кватэры, відавочна, ніхто не жыве. Яна вялікая, уся заваленая нейкімі кніжкамі, паперамі і стаіць там некалькі толькі крэслаў. І аказалася, што гэта штаб-кватэра ня дужа такой легальнай партыі, кіраўніцтва ў Аргентыне, а тут вось такая нейкая філія. Сядзіць за сталом дзеўка, і пачынае яна мяне агітаваць у гэтую партыю ўступаць. Партыя называлася Гуманістычная і мэты ў яе выключна такія гуманістычныя – шчасьце чалавека… Але блізкія крокі былі такія нейкія цьмяныя. Затое сказала, што ў іх жорсткая сыстэма, яны ўсе разьбітыя на пяцёркі, кожны ведае толькі свайго камандзіра, што ў іх жалезная дысцыпліна, што ў іх доўгія рукі.

Я тут жа ўспомніла кніжкі пра савецкіх падпольшчыкаў і бачу, што трапіла я як прусак у саладуху. Што адказаць ёй, ня ведаю. Кажу першае, што прыйшло ў галаву, што праграма іх мне дужа сымпатычная, але ж я, прабачце, ня з гэтай краіны. А яна кажа: нічога, у нас у Савецкім Саюзе таксама ёсьць свае людзі, тут жа дае мне нейкія там тэлефоны, каардынаты паблізу Масквы. Пакуль я думаю, што ёй адказаць, адчыняюцца дзьверы, і гэты самы чалавек-павучок заводзіць туды яшчэ аднаго пажылага гішпанца.

Пакуль гэтая дзеўка таму гішпанцу ўсё тое самае расказвала, што і мне, я сабрала ўсе свае веды з гішпанскай мовы, падрыхтавалася, сказала ёй такую сваю прамову. Зь дзяцінства я была сябрам піянэрскай арганізацыі, потым моладзевай камуністычнай арганізацыі – камсамольскай, і што цяпер мне гэтыя ўсе арганізацыі так устылі, што я больш ні ў якія ўступаць не хачу. Гішпанец гэты даслухаў маю прамову і кажа: брава! Я таксама прыхільнік Бакуніна! Узяў мяне пад руку, і мы з ім выйшлі з гэтай кватэры.

Віялета Кавалёва, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org