RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Гэта было колькі гадоў таму. Цэлы год мне давялося прабыць у Паўднёвай Афрыцы.

Краіна, дзе я была, называлася Зімбабвэ. Гэта вядомая краіна, раней яна называлася Паўднёвая Радэзія, былая брытанская калёнія. Ну і сама краіна вельмі такая брытанская, вельмі далёкая ад усяго нашага, ад усяго таго, што было мне міла, блізка. Памятаю, толькі прыехаўшы, я кінулася шукаць што-небудзь беларускае, можа нейкую беларускую дыяспару ці тую самую праваслаўную царкву. Хацелася за нешта зачапіцца душою.

Дрэвы ўсе былі іншыя, расьліны былі іншыя. Я шукала хаця б рамонак які-небудзь. І памятаю, што я вельмі ўсьцешылася аднойчы, успрыняўшы гэта як падарунак, калі на мой двор, пад мае вокны (я сьнедала, памятаю) прыляцела некалькі буслоў. Потым высьветлілася, што ў гэтым нічога незвычайнага няма, буслоў у Зімбабвэ у той час было шмат. Па нашым часе, гэта была зіма, па іх часе – лета, значыць, дожджык, ня вельмі горача, мяккае такое надвор’е. Дык вось буслы ў сталіцы там – звычайная рэч.

На мае падстрыжаныя брытанскія газоны прыляталі гэтыя буслы. Памятаю, што адразу пачала пісаць сваім сяброўкам беларускім, і ў Вільню, і ў Беларусь, пра тое, што ў мяне тут у садзе – беларускія буслы, якія прыляцелі тут праводзіць зіму. Я была абсалютна перакананая, што гэта наш сымбаль – сымбаль Радзімы, сымбаль патрыятызму, сымбаль незвычайнай, ахвярнай любові да Айчыны. Ляцець на радзіму даводзіцца не ў камфартабельным самалёце, а сваімі крыламі, тысячы і тысячы кілямэтраў над пустынямі, над марамі і акіянамі.

Я казала сваім афрыканскім сябрам пра тое, што да мяне беларускія буслы прылятаюць. І я была неймаверна ўражаная, калі даведалася, што ў гэтай далёкай паўднёва-афрыканскай краіне бусел лічыцца іх нацыянальным сымбалем, сымбалем іх радзімы. Мне сказалі: “Чакайце, гэта нашыя буслы, яны лятаюць да вас праводзіць нашую зімбабвійскую зіму ў вашым эўрапейскім леце, бо нашая зімбабвійская зіма без дажджоў, сухая, трохі гарачая. Яны заўсёды вельмі ахвярна вяртаюцца дадому, у Зімбабвэ, на свае родныя палі і па-брытанску пастрыжаныя газоны. Вы ведаеце, у нас нават у падручніках традыцыйныя тэксты пра буслоў, па каторых дзеці вучацца мовы і адначасова любові да радзімы на такім прыкладзе патрыятызму”.

Я ўсё-ткі з гэтым не пагадзілася. Я змоўчала тады, я ня стала спрачацца, я вырашыла, што тут нейкая недарэчнасьць, таму што буслы, я думаю, усё-ткі былі нашыя, і вярталіся яны дадому на Беларусь, а ў Зімбабвэ ляталі праводзіць толькі зіму.

Але нешта мне такое запала… І цяпер, калі я вярнулася на сваю зямлю, я бачу буслоў вельмі рэдка, не параўнаць, колькі я бачыла іх у Паўднёвай Афрыцы, проста ў горадзе, у сталіцы…І цяпер, калі я бачу буслоў (уявіце мой жах!), я успамінаю Афрыку…

Тацяна Каротчанкава, Вільня
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org