RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Тры гады, з 91-га па 94-ты, мне давялося працаваць у мясцовай уладзе горада Гомеля. Розныя ўспаміны пра той час, розныя выпадкі, шмат сустрэчаў з людзьмі, і з абсалютна рознымі.

У кожным горадзе, у кожнай мясцовасьці ёсьць такія людзі, якія вызначаюцца вялікай актыўнасьцю, вельмі шмат пішуць прапановаў, пісьмаў, зьвяртаюцца да ўладаў з прапановамі па рэканструкцыі гораду, умацаваньні ўлады. І большая частка – гэта людзі сур’ёзныя, але іншым часам бываюць і недарэчныя выпадкі.

Вось аднойчы прыйшоў да мяне чалавек, які напісаў новую канстытуцыю для Рэспублікі Беларусь. Мякка кажучы, канстытуцыя вельмі недарэчная, яе нельга было лічыць сур’ёзным дакумэнтам. Я вось узгадваю пункт першы: “Усе палітычныя рухі і партыі, якія ірвуцца да ўлады, забароненыя законам” і так далей. Такая вось “канстытуцыя”.

Пасьля гэты чалавек напісаў прапанову да старшыні Савету міністраў Вячаслава Францавіча Кебіча і прапанаваў сваю кандыдатуру ў якасьці віцэ-прэм’ера. Ну як павінна паступіць сур’ёзная ўлада, якая атрымала такі ліст? Ня ведаю. А вось як зрабілі гэта бюракраты з ураду. Яны накіравалаі гэты ліст да нас, у мясцовую структуру ўлады, і загадалі: “Калі ласка, правядзіце сустрэчу з гэтым чалавекам”. Амаль дакладна так было напісана.

Гэты ліст патрапіў да мяне на выкананьне, у той час старшыня была ў адпачынку. Я з гэтым чалавекам меў ужо, можа, 20 сустрэчаў, ужо добра яго ведаў. Думаю, што там, у выканаўчай уладзе, пажартавалі і напісаў ім такі адказ. “На мой погляд, гэты чалавек гатовы да працы ў вашай уладзе і, калі ласка, выклікайце яго на суразмову”.

Віктар Карніенка, Гомель
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org