RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя.
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Бадай, самая цікавае, самае запамінальнае ў мяне, у мае гады сёньня, гэта расказ бацькі, які цяпер ужо нябожчык, Калышкі Піліпа Дзьмітравіча.

Гэта было вясной у нейкім горадзе, які яны пад час наступу занялі. І вось ён, зайшоўшы з мэтай, як цяпер кажуць, зачысткі ў асобны вялікі дом, зьвярнуў увагу на гаспадарку. Усё было прыбрана, быццам, толькі зьніклі людзі адсюль. Гэта яго крышачку насьцярожыла, ён думаў, што хтосьці недзе ёсьць, перагледзеў усё, але, на вялікі жаль, дом быў пусты. Ён трапіў у пакой, вельмі велічны, прыбраны, і пад сьлюдою стаіць ягоная пяцігадовая мара – скрыпкі розных памераў. Як ён мне, малому дзіцяці, расказваў: ад цябе ростам – гэта, маўляў, віялянчэль, – да самай маленькай скрыпкі, якая ў руку не бярэцца.

Справа ў тым, што ў маладыя гады яны гралі свадзьбы так званыя – клярнэт, скрыпка, бубен і акардыён. І вось ён выбраў менавіта тую скрыпку, на якой ён ўмеў граць, паставіў у кут аўтамат, перанёсься ў думках у сваю маладосьць і стаў па вельмі чыстым і прыгожым палавіку ў салдацкіх разьбітых ботах хадзіць ды граць. І вось падыходзячы да вакна, ён заўважыў, што кілім пачынае падымацца. І гэтай скрыпкай, прысеўшы, ён нацэліўся ў той бок, адкуль была небясьпека. А потым хуценька паклаў яе і схапіўся за аўтамат і чакаў, хто ж там вылезе. А вылез не салдат, але сівая клунь, старая немка. Вылезла са сьлязьмі на вачах ад таго, што пачула музыку. Яна сядзела ў пограбе сваім, там і сілкавалася. Яна ўзяла скрыпку і аддала яму ў рукі, маўляў, гэта скрыпка майго сына… і хацела, каб бацька ўсю калекцыю забраў.

Але ж салдат ёсьць салдат, прыйшоў і далажыў свайму начальству, што дом гэты ніякай небясьпекі не ўяўляе, толькі многа скрыпак засталося. Расказаў камандзіру, усе пасьмяяліся: “Ну, Піліп, пайграй”. Піліп пайграў.

І з гэтай адзінай скрыпкай, амаль безь нічога, зьявіўся ён у вёску Таль, вярнуўся да мірнага жыцьця. Канешне, вясельляў гулялі менш. Але пры любой бяседзе, пры любым сьвяце скрыпка Піліпа заўсёды грала весела. Калі яму стала за 80 год, дзед ужо сказаў, што я, маўляў, гэтую скрыпку пакідаю Веры Канышка.

Цяпер ёю карыстаецца наш пляменьнік Алег Канышка, які сьвятаром служыць на Случчыне ў вясковай царкве.

Янка Канышка
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org