RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Маім настаўнікам, маім калегам па архэалягічных раскопках у Віцебску быў славуты дасьледчык беларускіх замкаў Міхась Ткачоў. Але самае галоўнае – гэта быў мой самы лепшы сябра, і, як гэта бывае паміж сябрамі, ён іншым разам расказваў пра сябе вясёлыя гісторыі. Вось адна з іх…

У свой час працаваў Міхась Аляксандравіч у Гарадзенскім унівэрсітэце. Вылучаўся ён сярод астатніх выкладчыкаў ня толькі магутнай постацьцю, але і глыбокім зьместам, разнастайнасьцю інтарэсаў, неардынарнасьцю думак… І, натуральна, выклікаў цікаўнасьць у моладзі, захапленьне ў студэнтак.

Аднойчы на выпускной вечарыне адна са студэнтак запрасіла Міхася Аляксандравіча на белы танец. Трэба сказаць, што танчыў ён адмыслова. Вось танчаць яны, танчаць, а студэнтка ўсё хоча выклікаць у яго больш увагі да сябе – стараецца і так, і гэтак, а ён – як той юнак зь верша Аркадзя Куляшова. А танчылі яны пад песьню Алы Пугачовай, дзе ёсьць такія словы: “А ты такой холодный, как айсберг в океане…” Нарэшце, студэнтка ня вытрымала і будзе казаць:

-Вы прама, як той айсберг у акіяне.

- Дзетка, не кажы так, – гаворыць Міхась Аляксандравіч, – а то я растаю.

- Ну і раставайце сабе, – гаворыць млявым голасам дзяўчына.

- Калі я растаю, – працягвае дзядзька Міхась, – дык затаплю ўсю гэтую залю!

Вось такі вясёлы чалавек быў Міхась Ткачоў.

Лявон Калядзінскі, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org