RFE/RL |
Дзеля гэтага ў нашу вёску прывезьлі камсамольцаў-актывістаў з усяго раёну. Далі ім шмат гарэлкі, каб сумленьне ўтапіць, і тыя пачалі сваю чорную справу. Спачатку прывязалі трос да царкоўнага крыжа. Зламалі трактарам крыж, а потым і астатняе пачалі ламаць. Усе каштоўныя рэчы параскрадалі яшчэ да гэтага – потым іх ужо ніхто ня бачыў. Сярод скрадзеных каштоўнасьцяў была знакамітая ў акрузе пазалочаная чаша. Бляхі, якім быў пакрыты дах царквы, забраў дырэктар школы Казьлякоўскі, ды адвез на Гомельшчыну – кажуць, пакрыў там імі свае хаты й хлявы. З царкоўнага бярвеньня пабудавалі школу. Але потым аказалася, што ў ёй няма каму вучыцца, і са школы пабудавалі дзьве хаты ў суседніх Калоўвічах, якія і дагэтуль там стаяць. Але людзі, якія там жывуць, ня вельмі хочуць успамінаць, што іншыя хаты пабудаваныя са зьнішчанай царквы. На месцы царквы зрабілі спартовую пляцоўку. Разам з царквою зруйнавалі дзьве цагляныя каплічкі, зь якіх зрабілі фундамант для той школы. Найбольш мне запомнілася, як паўсюль, і ў нутры напалоўразваленай царквы, і на двары былі раскіданы абразы і шмат кніг царкоўна-прыхадзкое школы – на розных мовах, лацінкаю былі некаторыя. Старэйшыя людзі, напэўна, баяліся іх забіраць – каб ня трапіць пад падазрэньне. А на мяне – малога хлапчука – ніхто не зьвяртаў увагі… Памятаю, што мне было вельмі шкода гэтых кніжак. Хацелася іх уратаваць, і я наважыўся – напхаў у свой школьны партфэль кніжак колькі ўлезла ды пабег да хаты. Потым вярнуўся і яшчэ назьбіраў. Не памятаю ўжо – колькі разоў так вяртаўся, але за некалькі дзён нанасіў шмат кніжак і абразоў таксама. Два абразы дагэтуль у бацькоўскай хаце вісяць. Прыйшлося мне нацярпецца шмат кпінаў ад аднаклясьнікаў ды ад настаўнікаў. А тыя кніжкі спачатку схавалі, а потым бацька завёз у вёску Лемяшэвічы, ды аддаў там у царкву. Мікола Качаноўскі
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |