RFE/RL |
Мой бацька, Юрчык Анатоль, працаваў настаўнікам матэматыкі і фізыкі ў вясковай
сярэдняй школе ў Берасьцейскай вобласьці. Ён быў вельмі добрым настаўнікам.
У сярэдзіне 80-х былі пададзеныя дакумэнты на прысваеньне яму званьня заслужанага
настаўніка БССР.
Бацька ня меў ніякіх адносінаў да партыйных шэрагаў, і хіба таму абкам КПБ перад зацьверджаньнем паслаў свайго супрацоўніка на размову зь ім, каб упэўніцца ў належных палітычных поглядах. Тут трэба дадаць, што пад час польскай адміністрацыі бацька быў за савецкую ўладу, слухаў савецкае радыё і цешыўся з посьпехаў СССР. Напярэдадні 1 траўня з 1937 па 1939 бацька ўначы вывешваў чырвоны сьцяг на тэлефонных правадох непадалёк гміны. У часы нямецкай акупацыі бацька быў партызанскім сувязным, хаваў партызан і іх сем’і. Аднойчы ён сьцягнуў з паліцэйскага ўчастку вёскі адзіны кулямёт і перадаў яго партызанам. Быў выпадак, што бацька з сябрамі перавез праз вёску пад выглядам п’янага параненага лётчыка са зьбітага савецкага самалёту. Нашая сям’я яго вылечыла, і ён пайшоў у партызаны. Усё гэта было адзначана ў дакумэнтах на званьне зхаслужанага настаўніка. Супрацоўнік абкаму найперш правёў размовы ў сельсавеце і школе. У нас ў хаце завёў размову пра міжнародную палітыку КПСС і савецкага ўраду. Тут усё было добра. Заставалася апошняе пытаньне адносна ўнутранай палітыкі і гаспадараньня. Характар у бацькі быў прамы, ён заўсёды казаў тое, у чым быў перакананы. Гэтую ўнутраную палітыку і гаспадараньне ён бачыў на свае вочы, таму прама адказаў, што КПСС і савецкі ўрад – гэта не гаспадары… Інструктар абкаму спалохаўся, нічога не сказаў, ускочыў і пабег да сваёй машыны, нават пакінуўшы ў нашай хаце капялюш. Мэдаль заслужанага настаўніка майму бацьку не далі, і за абкамаўскім капялюшам таксама ніхто не прыходзіў. Яўгенія Юрчык, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |