RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя.
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Успамінаецца мне адзін выпадак з майго студэнцкага жыцьця, зьвязаны з паездкамі на бульбу.

Накіравалі нас у адзін з саўгасаў пад Менскам і разьмясьцілі ў невялічкай вёсцы. Трапілі мы на кватэру да сям’і, якая складалася з двух чалавек: мужык і жонка. Мужык любіў выпіць, жонка была прыгожая.

Жыло на кватэры нас трох хлопцаў. Вяртаемся з працы позна ўвечары і кладземся спаць. І вось у адну з начэй прачынаемся ад крыку “Пад’ём!”. Мы ўстаем. Сьвятло гарыць, стаіць перад намі выпіўшы гаспадар і пачынае нас лічыць: “Адзін, два, тры… Адбой”. Ну мы і леглі. А самі сабе думаем – што гэта такое?

Раніцай пытаемся ў гаспадыні – што здарылася, чаму нас падымаюць, чаму нас ваш гаспадар лічыць. Яна кажа, вы, хлопцы, выбачайце, ён у мяне раўнівы. Як я затрымаюся на ферме, дык пачынае ўяўляць, што магчыма з вас нехта мяне сустракае. Прабачце.

І я сказаў гэтаму гаспадару, маўляў, ты, дзядзька, гэтую справу кінь, мы не для гэтага сюды, як кажуць, прыехалі. Быў ён цьвярозы, яму сорамна стала, кажа, не зьвяртайце ўвагі.

У адну з наступных начэй ізноў чуем крадзецца да нас у пакой наш гаспадар. Але ўжо будзіць яму нас няёмка, і ён так ціха, не запальваючы сьвятла і без “пад’ёму”, пачынае лічыць нас, але па нагах.
Коўдру крышачку прыпаднаяў і лічыць. Мы гэта чуем, давімся ад сьмеху, але маўчым. А ён лічыць, і ў яго па нагах атрымліваецца, што нас ня трое, а пяцёра. Адзін, два, тры, чатыры, пяць… і зьбіваецца зь ліку, ня верыць, што нас пяць. Пыхціць, ціхенька мацюгаецца, і ўрэшце выгукнуў: “Хлопцы, ну скажэце, ну колькі вас?”. Тады мы ўжо ўсталі – трое. Як добра, кажа, як добра. І выйшаў.

Вось такі выпадак быў у нас на бульбе, зьвязаны з падлікам галоваў ці ног студэнтаў, якія кватаравалі ў раўнівага гаспадара. З усёй гэтай бульбяніяды запомніліся гэтыя падлікі і той добры ў душы чалавек, які цярпеў на рэўнсьць і меў з гэтага нерыемнасьці душэўныя.

Уладзімер Емельянчык, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org