RFE/RL |
У 1989 годзе газэты “Знамя Юности” і “Чырвоная Зьмена” друкавалі на сваіх
старонках такога тыпу анкеты: “Ці жадаеце Вы стаць самастойным гаспадаром
на зямлі?”, “Ці могуць побач з саўгасамі і калгасамі існаваць і прыватныя
фэрмэрскія гаспадаркі?”. Ну і вось на гэтыя анкеты адгукнулася даволі шмат
людзей, прыйшло каля 200 водгукаў-лістоў на адрас нашай ініцыятыўнай групы.
Гэта былі людзі, якія ці наогул згадвалі тое, як жылі іх бацькі, пісалі
пра фэрмэрскае мінулае іх бацькоў, ці пісалі пра тое, што яны хацелі б
стаць гаспадарамі, што ўжо рабілі нейкія крокі ў гэтым кірунку. Вось вытрымка
з ліста жыхара Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці Івана Струнеўскага:
“Узгадваю адно вельмі цікавае выказваньне майго дзеда. Мама мая вельмі добра, на энтузыязме, за палачку ў табелі працавала ў калгасе. Аднойчы дзед прыехаў да нас пагасьціць. Гасьціў ён звычайна доўга. Пабачыў, што мама без выходных ад цямна да цямна падрывае сваё здароўе ў калгасе, і сказаў: “Дочка, навошта ты падрываеш сваё здароўе ў калгасе? У цябе дзеці малыя”. Яна адказала: “Камуністы кажуць, што гэта ўсё нашае”. Дзед адказаў: “І правільна кажуць, так, іхнае, але не тваё. Калгас, дачушка, гэта тая ж паншчына”. Вось так разважаў Іван Струнеўскі 10 год таму. А вось піша селянін Стаўпецкага раёну Сачук Уладзімер Уладзімеравіч: “Я хацеў і хачу атрымаць у арэнду зямлю, апрацоўваць яе, гадаваць жывёлу і рэалізоўваць яе дзяржаве. Яшчэ зімой я зьвярнуўся да старшыні праўленьня нашага калгаса імя Леніна Стаўпецкага раёну Пакроўскага Міхаіла Мікалаевіча. Ён мне адказаў, што няхай радыё, тэлебачаньне, газэты гавораць што хочуць, а зямлю атрымаеш праз мой труп. Зямля Сталіным аддадзеная калгасам навечна і бязвыплатна. Я пайшоў у райкам, але прыгожая жанчына, сакратарка райкама, сказала, што сакратар райкама паехаў у Менск, прыймае толькі камуністаў. Тады я напісаў невялікае пісьмо першаму сакратару Стаўпецкага райкаму партыі, але адказу не атрымаў. Тады я напісаў першаму сакратару Менскага абкама партыі, кандыдату ў народныя дэпутаты па нашай выбарчай акрузе таварышу Малафееву. Зьмест лістоў у асноўным такі: я ж шмат не прашу, гектараў пяць, паляначку лясную і прадаць кабылку двух-трохгадовага ўзросту. Лісты і ў райкам, і ў абкам, але няма ні атвета, ні прывета”. Кастусь Ярмоленка, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |