RFE/RL |
Мне 14 год. Маці набыла мне тканіны, і я сшыла новую сукенку ў белыя гарохі.
Я ў той час займалася ў студыі выяўленчага мастацтва, і там было вельмі
шмат хлопцаў – 17 хлопцаў і я адна.
Але ішоў час, усе хлопцы некуды паступілі. Хто ў Мастацкую акадэмію імя Рэпіна, хто ў тэатральна-мастацкі інстытут, хто ў мастацкую вучэльню, каго ў войска забралі. І ўрэшце там засталіся толькі я і мой сябар Валодзя Еўтухоў. Найлепшы мой сябар. І вось канец лютага. Я прыходжу ўвечары, пасьля заняткаў у школе, мы малюем і, раптам, я пачынаю плакаць. Падыходзіць да мяне мой сябар, каторы быў для мяне і сяброўкай, і сябрам, і сястрой, і братам адначасна, і кажа: “Што здарылася, чаму ты плачаш?”. Я сядаю да яго на калені, абдымаю ды плачу яшчэ больш уголас, і кажу: “Ты ведаеш, я зараз такая прыгожая, такая прыгожая, а мяне ніхто ня бачыў у гэты час…” Ён тады, раззлаваўшыся на мяне, адштурхоўвае, сядае на падваконьне, глядзіць за вакно і ў нейкім адчаі кажа: “Ну вось дабілася, дабілася, я кахаю цябе, чуеш ты, я кахаю цябе!” А трэба сказаць, што тварам ён быў падобны да такога актора – Крамарава. Калі хто памятае…Вось такі выгляд быў у майго сябры Валодзі. Калі ў школе нехта разьбіваў шыбіну, дык заўсёды казалі, што гэта Валодзька Еўтухоў і цягнулі яго ў настаўніцкую, а ён быў ніпрычым. Валасы ў яго тырчэлі, як салома са страхі старая. І хоць мне было прыкладна 14 год, я верыла ў тое, што гэтага чалавека я вельмі люблю, але што гэта – не каханьне. І калі ён сказаў аб сваім каханьні да мяне, я расплакалася яшчэ больш. Ён спытаў: “А чаго ты яшчэ плачаш?” – Ды таму, што я цябе люблю, але я цябе не кахаю і ніколі не змагу пакахаць. Быў капеж, таяў сьнег, я была такая няшчасная, шчырая і няшчасная ад таго, што мне так хацелася ўжо нейкага каханьня, а на самой справе яго… Ня ведаю. Гэта было абуджэньне. Зіма канчалася, пачыналася вясна, і вось дзесьці ўжо ўва мне, у такой маленькай дзяўчынкі з касічкамі і банцікамі абуджалася жанчына. Валянціна Якімовіч
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |