RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


У 1992 годзе я паступіла ў Віцебскі пэдагагічны інстытут на мастацка-графічны факультэт. Там ад першага да апошняга курсу жывапіс, малюнак і кампазіцыю нам выкладаў вядомы віцебскі мастак-акварэліст Міхаіл Васільевіч Ляўковіч. Ён быў адзіны, хто ня толькі выкладаў па-беларуску, але і карыстаўся беларускай мовай у штодзённым жыцьці.

Напачатку мы баяліся хадзіць да яго на заняткі і ня толькі з-за беларускай мовы, якой мы валодалі ня вельмі добра, але і з-за яго самога, таму што ён здаваўся нам занадта строгім і патрабавальным. Потым мы зразумелі, што ён быў проста фантастычны выкладчык, і ягоныя строгасьць і патрабавальнасьць пайшлі нам толькі на карысьць, а мова – ягоная сакавітая, багатая, прыгожая беларуская мова – ішла ад ягнага ўнутранага сьвету, ад яго сутнасьці. Ён стаў нашым любімым выкладчыкам, і мы не заўважылі як з часам і самі пачалі выкарыстоўваць, гаворачы пра мастацтва, беларускія тэрміны, якім нас навучыў спадар Ляўковіч, менавіта беларускія, а не калькаваныя з расейскай. Мы нават ня ведалі, як сказаць гэта па-расейску.

Па сканчэньні інстытуту я пачала працаваць у дзіцячай мастацкай школе ў горадзе Пінску, дзе выкладаньне вядзецца па-руску. Але й там, выкладаючы тыя ж самыя прадметы, якім мяне вучыў Міхаіл Васільевіч, сама гэтага не заўважаючы, я ўжывала тыя самыя беларускія выразы – азмалёўваньне, адваротная пэрпэктыва альбо танавыя і каляровыя адносіны – нават не ўяўляючы, як іх можна сказаць дзецям па-руску.

Алена Іванова, Пінск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org