RFE/RL |
Я ўспамінаю дзень 8 верасьня 1992 году. На плошчы Незалежнасьці сталіцы
Беларусі быў абвешчаны дзень прыняцьця прысягі на вернасьць Беларусі. Прымалі
прысягу афіцэры-беларусы беларускага войска, перш за ўсё са Згуртаваньня
Беларускіх Вайскоўцаў, а таксама ўсе былыя вайскоўцы, што служылі раней
і былі ў запасе ці ў адстаўцы.
Паколькі гэта быў дзень Аршанскай бітвы, то сярод выступоўцаў быў і я. Я нагадаў гісторыю гэтай бітвы, пра якую тады яшчэ мала ведалі, расказаў пра яе гістарычныя наступствы і пра значэньне для цяперашніх часоў. Потым адбылася прысяга. Усе мы сталі на калена і ўрачыста прынялі тую прысягу, якую праз некалькі месяцаў прынялі ўсе вайскоўцы Ўзброеных Сілаў Беларусі – гэта была афіцыйная прысяга. Я добра памятаю, як кожны з нас паўтараў словы прысягі, потым падыходзіў да століку і падпісваўся пад лістамі-сьпісамі тых, хто прыняў прысягу. Дзень быў урачысты. Побач са мной прымаў прысягу Васіль Быкаў, Зянон Пазьняк, Артур Вольскі і шмат іншых. Для мяне гэта – адзін з самых урачыстых дзён і каштоўны ўспамін з таго часу, калі нашае беларускае грамадзтва згуртавалася разам з вайскоўцамі. Дарэчы, вайскоўцаў тады прыводзіў да прысягі падпалкоўнік Статкевіч, кіраўнік БЗВ. Гэта адзін са значных дзён нашай гісторыі, у якім я таксама браў удзел. Анатоль Грыцкевіч
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |