RFE/RL |
Калі едзеце па шашы Слуцак-Бабруйск... У даваенныя часы Слуцак уваходзіў
у Бабруйскую вобласьць, быў прыгранічным горадам. Недалёка ад яго праходзіла
мяжа з Польшчай, праз якую часта праходзілі родзічы, якія жылі па абодва
бакі мяжы. Іх лавілі нашыя пагранічнікі, дастаўлялі на заставу, а потым
– у слуцкую турму. Там іх дапытвалі, абвінавачвалі і судзілі. І гэтак было
на працягу ўсяго часу, пакуль існавала Польшча побач з намі, і калі існавала
Савецкая Беларусь. У слуцкай турме распраўляліся з тымі, хто быў нязгодны
з палітыкай савецкай улады і, мабыць, з тымі, хто быў нязгодны з калгасным
ладам – іх звозілі ў турму. Яна знаходзілася на тым месцы, дзе зараз універмаг
“Слуцк”.
Дык вось калі едзеце па шашы на Бабруйск, недалёка ад Кучына на ўскраі лесу, ля дарогі стаіць помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў. Вельмі цікавы помнік. Яго паставіў адзін з удзельнікаў вайны і партызанскага руху ў Беларусі тут у нас на Случчыне Ралько. Ён зараз жыве ў Маскве, але быў вымушаны на свае грошы паставіць гэты помнік. Уражвае, што на помніку напісана, што тут, на Случчыне, у часы сталінскіх рэпрэсіяў не шкадавалі нікога, нават, вайскоўцаў, іх сем’і і дзяцей менш за 14-15 год. Іх таксама адвозілі туды, у гэты лес, і растрэльвалі разам з бацькамі. Дык вось аднойчы я быў у лесе непадалёк ад Кучына, выйшаў на ўскрай лесу – і адзін пастух пасе каровы, стары дзед, гадоў пад 80 яму. Пачаў размаўляць зь ім: “Скажыце, калі ласка, што за помнік у вас тут стаіць, такі цікавы, нідзе, у ніякім даведніку яго няма?” А ён кажа, што гэта яго зямляк паставіў. Кажа, што быў малы ў гэты час, але шмат што ведае пра тое, што тут адбывалася. Ён мне назваў такую лічбу – кожны дзень дзьве машыны са Слуцку прывозілі людзей і растрэльвалі ў лесе дзесьці 1 кілямэтар на поўнач ад дарогі. Якраз у тым накірунку і стаіць гэты помнік-абэліск ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў. Кожны дзень на працягу некалькіх гадоў. Можна падлічыць, што няхай дзесяць, дзесяць-пятнаццаць чалавек прывозілі туды, дык на працягу некалькіх гадоў былі зьнішчаныя тысячы людзей. У гэтым лесе непадалёк ад вёскі Кучына. Спрабавалі знайсьці слуцкія Курапаты ў 1989 годзе, мясцовыя ўлады нават арганізоўвалі экспэдыцыю ў лес, у раён Амговічаў, але нічога там не знайшлі. Я так думаю, што яны ня там шукалі й не хацелі шукаць гэтыя слуцкія Курапаты, бо 89-90 годзе яшчэ нявыгадна было падымаць гэтыя пытаньні. Ну а як вы ведаеце, пасьля 94-га году зноў стала нявыгадна падымаць пытаньні аб слуцкіх Курапатах. Зараз, я думаю, што патрэбна зноў заявіць аб гэтым, даведацца праўду. Дакумэнты ёсьць у архівах КГБ, у слуцкім музэі ёсьць некаторыя дакумэнты, але іх пакуль не даюць на прагляд, бо яны могуць прывесьці людзей да шоку. Я думаю, што многія проста ня ведаюць, не ўяўляюць тое, што тут адбывалася. У нас на Случчыне. Сяргей Гранік
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |