RFE/RL |
Дэпутат Лукашэнка ўвесь час спрабаваў узначаліць апазыцыю ў Вярхоўным Савеце.
Першая апазыцыйная структура, якая была створаная з усіх некамуністычных
дэпутатаў, гэта дэпутацкі Дэмакратычны клюб. Там такое спаборніцтва ішло,
каму яго ўзначаліць – Пазьняку ці Лукашэнку. І калі Лукашэнка ня змог яго
ўзначаліць, ён пайшоў ствараць групу камуністаў-дэмакратаў, якую і ўзначаліў.
Ён выступаў з дакладамі. Ён гаварыў пра тое, пра што я гавару зараз: што дыктатура, гэта дрэнна… Я памятаю, як я падараваў яму сваю кніжку па гісторыі сялянства 16-18 стагодзьдзя. Ён, як дырэктар саўгаса, падзякваў. Потым я папрасіў: “Ты мне добрага насеньня морквы і грэчкі можаш прывезьці?” Праўда, прынес. Не даваў, а кінуў так: на, кажа, апазыцыя, бяры, садзі. Узяў я, пасеяў – не ўзышло нічога. Калі гаварыць, што пілі разам сьпіртныя напоі…Адзін раз было такое. 27 ліпеня 90-га года была прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь, узьнікла такое жаданьне, бо такое сьвята, гістарычнае, гэта разумелі ўсе. Трэба ж, каб хоць па 20 грам усе выпілі. І дэпутат Садоўскі падыходзіць да Старшыні Савету міністраў Кебіча і кажа: – Вячаслаў Францавіч, ну трэба… Той: – Хадзем да мяне. Я ня памятаю, якога напою (каньяк ці Зуброўка там была, жоўтага такога колеру) Савет Міністраў выдзеліў. Там была вялікая колькасьць дэпутатаў, замачылі гэтую Дэклярацыю. А потым, на плошчы цяпер Незалежнасьці, а тады Леніна, ужо стаялі некалькі соцень людзей са сьцягамі, там было весела. Выйшлі туды, поўночы сьпявалі песьні… 91-ы год, 19 жніўня, так званы ГКЧП. Як яно пачыналася, тое ГКЧП. Мне ў шэсьць раніцы званок. Сяргей Антончык: – Валік, ты ведаеш, што адбылося? Гарбачова зьнялі. Прыяжджаем у Вярхоўны Савет. Хлопцы сабраліся. Помню, Анатоль Гурыновіч, Сяргей Навумчык, Ігар Гермянчук. Гавораць, давай зойдзем да Дземянцея. Заходзім да Дземянцея ў кабінэт не стукаючыся, а ён якраз у гэты час з Лук’янавым гаварыў. І вось мы дзьверы адчыняем, а ён кажа: – Ну всё, за мной прышлі… Валянцін Голубеў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |