RFE/RL |
Ад маёй маці я ўсё жыцьцё чую: “Як мы былі ў бежанцах у Расеі…” А я кожны
раз пытаюся: “Мама, ну калі мы былі ў бежанцах?” А яна ў мяне з 1911 году
нараджэньня – і кажа: “Станцыя Знаменка Тамбоўскай губэрні.” Яна ўсё ўспамінае
раку Хапёр.
Сям’я майго таты апынулася аж недзе на возеры Селігер – Калінінскія балоты. Старэйшыя браты-падлеткі будавалі чыгунку, і там на сухоты хварэлі, і там усе засталіся. Тата быў яшчэ маленькі хлопчык, дык неяк застаўся жывы. Далей было пекла: гэта была рэвалюцыя, грамадзянская вайна. Жудасна было, як маці расказвала: то белыя прыходзяць, то чырвоныя. Як белыя прыходзілі – ня так было страшна. Калі чырвоныя прыходзілі – зьбіралі ў гэтай Знаменцы ўсё насельніцтва – у тым ліку і дзяцей, нават тых, якіх на руках несьлі. І паказальна забівалі багатых: тыя самі сабе капалі магілкі, прыходзілі ўсе з лапаткамі. Тут іх растрэльвалі, а закідваць ужо прымушалі бежанцаў – старэйшых дзяцей-падлеткаў. А далей – голад, такі жудасны, што мая бабуля нават насіла на сабе соль – за гэта маглі і забіць. Яна насыпала сабе ў целагрэйку пад падкладку. Прадавала па лыжцы, каб неяк пракарміць маю маці – ёй было недзе 7 гадоў. А вясной пераплывалі Хапёр, зьбіралі шчаўе, нейкую траву – і так, як маглі, ратаваліся. Мама выжыла, і яе маці выжыла. Вярнуліся толькі калі Берасьцейскае замірэньне ўжо было – пасьля 20 году, калі польскі ўрад запатрабаваў вярнуць сваіх грамадзянаў на сваю зямлю. Нават ня ўсе, якія там выжылі, змаглі вярнуцца. Хто вяртаўся зімой – іх зьмясьцілі ў нейкія цялятнікі, якія не ацяпляліся, і былі вельмі вялікія маразы. Мая цётка распавядала, што выжылі некалькі чалавек, якія ехалі з гэтага возера Селігер у першым вагоне і грэліся там каля топкі ў качагараў. А ў апошніх вагонах усе зьмерзьлі. І калі прыехалі ў Стоўбцы, дык салдаты іх прыкладамі зьмерзлых адбівалі ад падлогі і выкідалі. Маці маёй і бацьку пашанцавала, што яны ехалі летам. Прыехалі і ўбачылі, што ў вёсцы – там страха была саламяная, ці гонты якія – дахі ўсе паднятыя на бярозках, і вакол таксама бярозкі, і грыбы растуць. Там не дзясяткі – там сотні жыцьцяў… Калі мама расказвае пра тыя далёкія гады – яна заўсёды плача. Ёй ужо 88 гадоў, а яна заўсёды кажа: “Тое перажыць, што я перажыла – ня дай Бог ніколі нікому”. І каб мае дзеці, мае ўнукі мелі больш разважлівага розуму, калі гаворка ідзе пра Радзіму, пра яе незалежнасьць і пра нейкія там аб’яднаньні.” Ганна Гардзейка
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |