RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


На пачатку 90-х гадоў мы выбіралі дэпутатам у Вярхоўны Савет нашага тады мэра гораду Вялейкі Каратчэню Івана Міхайлавіча, а зь ім разам ішоў кандыдатам у дэпутаты Соніч – дырэктар ільянскай школы, яна ў нас у раёне самая лепшая. І вось мы маглі разглядаць іхныя праграмы і агітаваць кожны за свайго. І вось начальства ў нас усё агітавала за Каратчэню, а я працавала ў нарачанскай школе, і мы з некаторымі настаўнікамі агітавалі за Соніча. Мы адстойвалі сваю пазыцыю, што ён дырэктар школы, што ён разумее ўсе нашыя праблемы, што ён нам дапаможа.

Я заканчвала Віцебскі пэдагагічны інстытут, і мне трэба было кожны дзень зьяўляцца на ўрокі, сядзець там пэўную колькасьць гадзінаў, даваць паказальныя ўрокі. Ну і вось у мяне зьявіліся такія зьвесткі пра Каратчэню, што вось ён замест таго, каб пакрыць вялейскі касьцёл, ён сабе на дачы… ну нейкія такія зьвесткі. Ну і рознае такое, што ён як мэр не выконваў, а ўсё ішло налева. Я за ноч напісала такую ўлётку: ці варта галасаваць за Каратчэню, калі… пачала апісваць, як ён замест пакрыцьця касьцёлу пусьціўт матэрыял сабе на дачу. Аддрукавала сама начамі на машынцы і хадзіла сама ж іх расклейвала.

Вой, што там рабілася! Я з дзіцём малым (маёй дачцэ было тры гады) выходжу раскідаць тыя ўлёткі – чатыры-пяць бобікаў з міліцыяй, з замамі-парторгамі, як толькі я куды паеду – адразу зьдзіралі. Тады і працу сваю я здала, таму што прыехала з райана такая жанчына, і яна стала там ярасна гаварыць, што ты “зелень”, ты “ещё ад гаршка тры вяршка”, а ты тут нейкую “дзеяцельнасьць ды супраць власьці”, ты вось “проців начальства – ім жа відней, ані жа панімают, а вы тут, непанятна што, чым вашая школа тут дышыт”. Кансыліюм цэлы склікалі – даваць мне тут практыку ці не. Я думаю, што я такога тут раблю?

У іх нічога не атрымалася, але яны так маральна хацелі мяне зьнішчыць. А я ім кажу: “Па-першае, я тут жыву, тут я нарадзілася, тут мае бацькі і дзяды жывуць. Па-другое, мае тут дзеці растуць. А па-трэцяе, я гэтую школу заканчвала. Як гэта я ня маю права гаварыць? Маю права гаварыць. Усе маюць права гаварыць, і я гавару. Што я такога раблю? Я ж за настаўніка, за дырэктара гэтай ільянскай школы Соніча. Я за свайго агітую. Вы – за свайго, я за свайго агітую. Чаму старшыня калгасу і гэтыя ўсе парторгі маюць права агітаваць ды гаварыць, што толькі Каратчэня можа нас вывесьці з гэтага эканамічнага становішча, толькі ён усё зробіць… А я вось ня веру, што ён нам дапаможа. Чаго гэта вы прывыклі грабсьці ўсіх пад адну грабёнку. А калі я ня так думаю, калі гэтая грабёнка на мне абламаецца – што тут зробіш? Вось так я думаю”.

Так нічога ў іх і не атрымалася. Мы тады Каратчэню завалілі першы тур, абвесьці другі тур – ён такі прайшоў: наш калгас усе паказчыкі яму стварыў.

Тацяна Ганчарык,
пас. Нарачанскі Вялейскага раёну
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org