RFE/RL |
Мяне выклікалі ў КДБ як сьведку па справе Славаміра Адамовіча, зьвязаную
зь яго вершам “Убей президента”. Ужо ў тым будынку на Камсамольскай, як
толькі туды трапляеш, апынаесься ў няяснай шэра-рудой ці то карычневай
прасторы. Там пануюць менавіта такія фарбы, ці табе ўжо так здаецца у тваім
прыгнечаным стане? Бясконцыя доўгія калідоры зь незьлічонай колькасьцю
дзьвярэй. Ні душы. Лесьвіца. Зноў такі ж калідор. Ні табе, нікому іншаму
ня чутныя твае крокі – няма рэха, не адгукаесься сам сабе. Дзьверы, дзьверы.
І ўсе зачыненыя. Усе і ўсё – за дзьвярыма.
Справа на адной зь іх іранічна кідаецца ў вочы ярка-чырвоная шыльда – “Касса”. І тут як усюды – нехта працуе, нехта расплочваецца. Карацейшы калідор упіраецца ў тарцы ў яшчэ адзін доўгі, паралельны таму, якім ты ўжо ішоў. Зноў цёмныя, зачыненыя дзьверы з вывешанымі на ручках таблічкамі “Идёт допрос”. На некаторых яны перавернутыя адваротным пустым бокам – там допыт ужо скончыўся. Зусім? Для каго? Дзьвярная ручка яшчэ цёплая, цёмны пакой, шэра ў ім, відаць, і вільготна: у кутах і на столі – бурыя падцёкі. Прымітыўныя сталы, крэслы, цёмна-фіялетавыя фіранкі, у дзьвярах – сьвежаадрамантаваны, неахайна зафарбаваны вушак. Хто тут мог выбіваць дзьверы? Куды ён хацеў уцячы-выбегчы – у гэты шэры бясконцы калідор, паралельна зьвязаны з такім жа бясконцым? І раптам у самым кутку, ля адзінага вакна погляд мой натыкаецца на тумбачку
– старая, дыхтоўная тумбачка, але стальніца на ёй не драўляная, а каменна-гранітная
ці мармуровая – тоўстая, цяжкая, сьлюдзянога колеру – на ёй графін з вадою.
І я ўсё раз за разам кідаю вачыма на тую стальніцу, грувасткую, акамянелую,
што ўціскае лёгкую, драўляную тумбачку ў падлогу. Мне падалося – на ёй
кроў.
Спалена поўпачка цыгарэтаў на дваіх, няма чым дыхаць – годзе ўжо! Тым больш гэтая гаворка пра літаратуру ў падобным месцы – як трава ў пустэльні: у прынцыпе, яна нам абодвум “дафені”. Стаўлю подпіс на старонках кампутарнага друку: усё правільна, усё так, “верно”, “согласен”, “дополнений не имею”. Шэсьць ці сем подпісаў – любуецца. Подпіс у мяне сапраўды прыгожы, неардынарны, можна сказаць, экзатычны, не для такіх установаў. Здаецца, усё, можна ісьці. Свабодны. Ён праводзіць мяне тым жа, магчыма, апастыленым шляхам. Адзін я адсюль ужо пэўна ня выйшаў бы. Ні чалавечага голасу, ні рэха. Мажны, наеты паставы забірае пропуск. Адчыняю вузкую палову дзьвярэй, і вось я – на вуліцы. Вуліца ўсё тая ж, Камсамольская. Звыкаю вачыма да сьвятла, удыхаю паветра – чыстае, сьвежае, прахалоднае, гляджу на занураных, сьпешных, абыякавых гараджанаў – няма радасьці жыцьця на іх тварах. Госпадзе! Людзі, ды паглядзіце ж вы на чалавека – ён выйшаў! Праўда там ужо перавернутая таблічка, і вызваліўся пакой. Леанід Галубовіч
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |