RFE/RL |
Дзяцінства маё прайшло ў вельмі культурнай, даволі багатай сям’і. Сям’я
была працавітая, усе працавалі, у людзей не адбіралі нічога – сваё елі,
сваё пілі. Бацьку згубіла вайна. Засталіся мы з дзядуляй, з бабуляй – мама
і я.
Мне было 5-6 год, як пачалася тут, у нашых мясьцінах, нейкая ломка. Пачаліся калгасы, пачало хадзіць ГБ у сініх штанах і ў доўгіх гімнасьцёрках, пачалі наводзіць свой парадак. Забіраюць дзядулю ў ГБ, бабулю таксама зьвезьлі за тое ж, што і дзядулю пасадзілі. Потым ужо далі знаць з “ворганаў”, што дзядулю ў 72 гады пасадзілі за “невыполнение лесозаготовок”. Гэта было страшна. Тады ў сям’ю прыйшоў чалавек, які быў з усходу, – вэтэрынар, п’яніца, безкультурны, які трэба-ня трэба лаяўся матам. Ня меўшы дзяцей, паводзіў сябе дрэнна. Да мамы ставіўся дрэнна і да мяне як да пасынка адносіўся. Тады, у 9 год, мая душа не цярпела гэтага, бо ня так мы былі вучаныя. Я ня мог, каб чалавек зайшоў у хату, ня зьняўшы шапку, каб за стол сеў, ня зьняўшы шапку… А тут яшчэ гэты чалавек… І я зьбег з дому. Праз тры, мо чатыры дні мяне вярнулі назад, і тут школьныя настаўнікі, якія таксама вучылі нечаму несусьветнаму, сталі мяне абзываць “кулацкім унукам”, тыкаць пальцамі. Я ня ведаў, чаму гэта. А цяпер, са сваіх ужо 60-ці гадоў, я ўжо ведаю, што гэта было безкультур’е – ня нашае, звыклае тут, мясцовае… Ну а так жыцьцё прайшло вельмі цяжка. У шаснаццаць з паловай год давялося ісьці ў ФЗУ – вучыўся трактарыстам, працаваў судамэханікам… Стараўся для сям’і. Маю дваіх дзетак, чатыры ўнукі маю. Жыцьцё пражытае. Але жыцьцё пражытае ня так. Жыцьцё паламанае, сям’я парваная. Бацька мой, маці, каторыя маглі б жыць на сваёй зямлі, сваёй вялікай сям’ёй… А нас жыцьцё раскідала. І ў рэшце рэшт зрабіў я пэнсію 20-25 даляраў… Вось тут трэба і думаць: што нас зруйнавала? Канстантын Фурс, в. Казінка Мёрскага раёну
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |