RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя.
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Я каля 20-ці гадоў прапрацаваў у Савеце Міністраў: я туды прыйшоў у 75-ым годзе. Але зразумеў, што мы вельмі неабгрунтавана ўмешваемся ў нейкія працэсы, і асабліва для мяне гэта стала ясна, калі ў 1980г. я з групай работнікаў цэнтральных ворганаў рэспублікі ў складзе адной дэлегацыі езьдзіў па прозьбе Берасьцейскіх аблвыканкаму і абкаму партыі ў Пінскі раён разьбірацца з Пінскімі агурэчнікамі, якія вырошчвалі агуркі і, на думку мяйсцовага начальства, не працавалі ў калгасах-саўгасах, і тым самым прыносілі нейкую шкоду дзяржаве.

Тады я сказаў на нарадзе ў першага сакратара райкаму партыі: “Скажыце, калі ласка: а якая для мяне розьніца, дзе купіць агуркі: у дзяржаўным магазіне, дзе яны там ужо завялі і ня маюць таварнага выгляду, альбо ў гэтага прадаўца, які мне прадасьць сьвежыя?”

Вось калі мы абмяркоўвалі ў Пінскім райкаме партыі гэтую праблему, калі мне памяць ня здраджвае, менавіта знакаміты Ралько – двойчы гэрой сацыялістычнай працы, старшыня калгасу “Асьнежыцкі” – сказаў: “О, ведаеце, раней жа ў вёсцы тых людзей лічылі беднымі, а яны ў нас зараз багатыя, аўтамабілі купляюць..” Вось адносіны да іх. Яны іх лічылі кім? Спэкулянтамі.

І такія абвінавачаньні: “Яны крадуць электраэнэргію, паліва…” А я прыязджаю ў нейкі саўгас “Дружба” і пытаюся: “А чым вы ацяпляеце гэтую цяпліцу? Дзе ў вас тут катлы, дзе крадзеце паліва?” – сьмяюся. А ён там у зямлю закладае перагной, яшчэ штосьці, і адтуль яна ў яго грэецца.

Дык калі чалавек ня краў, а вырошчваў у сябе на агародзе, скажам, кветкі, альбо тыя ж самыя агуркі – гэта ж такая цяжкая праца, такія затраты! А мы іх лічылі спэкулянтамі, таму што яны не працуюць у калгасе.

А калі б яму калгас плаціў добрыя грошы, калі б ён ведаў, што ён у калгасе таксама можа атрымаць гэтыя агуркі для сябе – дык, пэўна, ён бы не займаўся гэтым. Таму што чалавек шукае, дзе лепей. І чым ён дрэнна рабіў для той жа дзяржавы, калі ён іх вырошчваў і прадаваў?

А тут за іхнымі агуркамі аж з Мурманску, з Ленінграду прыязджаюць вялікія машыны і загружаюць па 300 мяхоў, і ўсе былі задаволеныя. Яны плацілі за гэтыя аўтамашыны, ды яшчэ вадзіцелю аўтамабіля з кожнага гэтага меха плацілі тры рублі.Уявіце сабе для тых часоў: вадзіцель за адзін рэйс як зарабляў: дык ён жа гэтыя агуркі вез, як яйкі!

А калі я запытаўся мяйсцовага старшыню райспажыўсаюзу: “А колькі вы закупілі агуркоў летась?” – мне здаецца, ён назваў лічбу ўсяго 10 тон. Дык я кажу: “У адной вёсцы, напэўна, больш вырошчваюць. Я ў гасьцініцы ў вас начаваў і зайшоў у буфэт, дык там кіслыя агуркі ёсьць (а была сярэдзіна мая). Дык вось у іх – ужо маленькія зялёныя агуркі зьявіліся, а ў вас у продажы – няма. Дык што вы абвінавачваеце гэтых людзей? Закупіце ў іх на мейсцы – ня будуць езьдзіць з Ленінграду, Мурманску”. Але ж мы арганізаваць не маглі закупку, а рабілі ўсё, каб разам з гэтым скончыць.

Валеры Фадзееў, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org