RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Гэта было летам 1999 году. Разам з групай кінематаграфістаў я ўдзельнічала ў здымках фільма пра Юзэфа Шыманьчыка. Пан Юзэф да вайны быў знакамітым фатографам у Косаве на Палесьсі, шмат здымаў у палескіх вёсках. Цяпер яму 90 гадоў, і ён жыве ў Лодзі. У фільме мы хацелі паказаць, як пан Юзэф вяртаецца праз 60 гадоў туды, дзе жыў і працаваў да вайны, і шукае тых самых людзей, якіх калісьці фатаграфаваў, або хаця б іх нашчадкаў.

Аднаго дня мы прыехалі ў вёску Стрыгінь непадалёк ад Бярозы. Мы былі няўпэўненыя, ці жывыя яшчэ тыя людзі, якіх калісьці фатаграфаваў Шыманьчык. Ад людзй мы даведваемся, што гэтай пары ўжо няма – яны памерлі гадоў пяць таму. А каб даведацца пра іх больш, нас накіравалі да іх суседкі Марыі Мшар.

На вялікай машыне з кінакамэрамі і мікрафонамі мы пад’яжджаем да яе хаты, а пані Марыя ўжо стаіць ля брамкі і зусім ня зьдзіўлена запрашае нас да хаты: “Заходзьце, я ўжо чакаю Вас ад раніцы, зварыла суп. Паешце”. Гэта адымае ў нас мову – як гэта з раніцы яна ведала, што мы прыедзем пад вечар, бо мы самі яшчэ ня ведалі пра гэта. А яна й кажа: “Мне сёньня сьніліся птушкі – значыць, будуць госьці. Дык я наварыла суп і чакаю”.

А пад час абеду пані Марыя пазнала на адным са здымкаў Шыманьчыка сваю сьвякруху, якая расказвала калісьці, што да вайны ў Стрыгінь прыяжджаў пан “поляк” у капялюшы і фатаграфаваў людзей.

Для мяне гэта ўсё было сапраўдным метафізычным узрушэньнем, якое сьведчыла аб магчымасьці паразуменьня дзьвюх розных цывілізацыяў: тэхнічнай, што абапіралася на ўсе гэтыя камэры і магнітафоны, і традыцыйнай, якая будуецца на павер’ях, прыкметах, і, нават, снах.

Ганна Энгелькінг, Беласток
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org