RFE/RL |
Скончыў я перакладчыцкі факультэт Інстытуту замежных моваў у Менску і пасьля
вучобы каля году працаваў у Алжыры перакладчыкам у сыстэме прафэсыйна-тэхнічнай
адукацыі. Але пасьля звароту ў Менск – як тады казалі, замежнай камандыроўкі
– некалькі гадоў ніяк ня мог знайсьці сталай працы. Дарэчы, гэткі ж лёс
дзялілі са мной сябры-аднагрупнікі.
Было вельмі цяжка – зразумела, не матэрыяяльна, бо жылі мы з жонкай разам з бацькамі, а больш маральна. Уявіце сабе: малады здаровы мужчына з вышэйшай адукацыяй ня можа ўладкавацца на сталую працу. Колькі парогаў не абіваў, але ўсё дарэмна. Вядомы “Листок по учёту кадров” я ўжо ведаў на памяць і запаўняў яго з зачыненымі вачыма. Здавалася, што сьвет перавярнуўся. Напрыклад, у суседні пад’езд нашага дому часта наяжджала міліцыя. Потым суседзі казалі, што некага арыштавалі за “тунеядзтва”. А да мяне, сапраўднага “тунеядца”, нікому справы не было. І вось аднойчы – памятаю, што гэта было зімой, у лютым – выклікалі мяне ў ваенкамат і кажуць: нам у Алжыр тэрмінова патрэбны французкі перакладчык – згодны? Што ж там разважаць, натуральна я згадзіўся. Запоўнілі мы з жонкай неабходныя паперы і пайшлі праходзіць мэдычную камісію ў ваенкамат. Здароўе ў нас абодвух было цудоўнае – маладыя ж. Праўда я нашу акуляры, і таму пачаць мэдагляд я вырашыў з акуліста. Жонка ж засталася сядзець у калідоры. Пажылая доктарка-акулістка пачала спачатку пытаць мяне, хто я ды што
я, у якую камандыроўку я зьбіраюся. Даведаўшыся, што я паеду ў Афрыку,
яна як бы выпадкова зазначыла, маўляў, пашанцавала табе, хлопец, заробіш
там шмат грошай. А я вазьмі ды адкажы: грошай там проста так ня плоцяць.
А пасьля пачаў разважаць пра гарачы пустынны клімат, пра адарванасьць ад
сям’і, яшчэ пра нешта. На пытаньне доктаркі я адказаў, што некалькі гадоў
таму я ўжо працаваў у Алжыры.
Тым часам, доктарка не зьвяртаючы ўвагі на людзей, што чакалі на мэдагляд у калідоры, патэлефанавала афіцэру ваенкамату, які афармляў мяне ў Алжыр. А ў калідоры, сярод іншых, сядзела мая жонка, якая добра чула ўсю гэтую размову. Дык вось прадставіўшыся, доктарка сказала: “Тут ў мяне на камісіі ваш Елькановіч. Паводле стану зроку ён нягодны да службы ў арміі, бо вастрыня зроку ў яго на поўдыёптрыі горшая, чым дапускаецца нашымі нормамі”. На гэта афіцэр ваенкамату адказаў, што гэта ня страшна, бо Елькановіч у Алжыр не страляць з аўтамату едзе, а перакладаць дакумэнты, рабіць тое самае, што робіць і тут, у Менску; дый перакладчык тэрмінова патрэбны. “Не положено,” – катэгарычна сказала дакторка і паклала трубку тэлефона. Пачуўшы гэтую размову, адзін з сядзеўшых у чарзе разрагатаўся: “Бачыш, чалавек непрыгодны да службы ў арміі праз поўдыёптрыі. У мяне мінус дванаццаць на абодва вокі, а здымаць з вайсковага ўліку не зьбіраюцца. Кажуць, для рэзэрва гэта падыходзіць…” Вячаслаў Елькановіч, Сыднэй
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |