RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Неяк у памяці ўвесь час круціліся радочкі:

Ідзе-гудзе зялёны шум
Зялёны шум, вясновы шум.
Як малаком аблітыя стаяць сады вясновыя
Паціхеньку шумяць.

І ўспаміналіся з гэтай нагоды даўнія-даўнія падзеі.

У адзін з велікодных дзён, пабыўшы з маці ў царкве, прастаяўшы амаль усю ноч, мы пайшлі на могілкі, пастаялі там. Ну і, бясспрэчна, у гэты велікодны дзень не былі падрыхтаваныя ўрокі. А наступным днём я, выдадтніца, атрымліваю двоечку, стаю пасьля урокаў і вучу, вучу, вучу:

Ідзе-гудзе зялёны шум
Зялёны шум, вясновы шум.
Як малаком аблітыя стаяць сады вясновыя
Паціхеньку шумяць.

І доўга потым думала – чые гэта радочкі? Прайшоў час, і я зразумела, ужо сама будучы настаўніцай, што гэта я атрымала двойку па вершы ў перакладзе на беларускую мову Някрасава. Хто зрабіў гэты цудоўны пераклад, я ня ведаю да гэтага часу.

Ішоў час, і адчуваючы, што не хапае падтрымкі, вырашыла, што паеду абавязкова на ўсяночную ў тую ж царкву, прайдуся тымі ж сьцежкамі.

Кінула ўсё, прыехала ўначы, адразу ж у царкву. Стаю гэтую ўсяночную, але чамусьці служба затрымалася, застрымалася па адной простай прычыне – пасьля таго, як асьвянцілі ўсё, ішла яшчэ пропаведзь, у якой падкрэсьлена было, што адразу пасьля царквы трэба зайсьці дахаты, разгавецца, а пасьля наведаць могілкі.

Я да сястры кажу: “Слухай, Марыя, ну так жа не было раней. Давай зробім так, як мы рабілі з маці”. Яна кажа: “Не, цяпер такая традыцыя”.

Пропаведзь зацягвалася. Бацюшка до-оўга распавядаў пра славянскую еднасьць, паўтараючы гэта некалькі разоў. Ну і не паслухаўшы нікога, зрабілі так, як рабілі калісьці ў дзяцінстве. Прыйшлі на могілкі і зьдзівіліся, што амаль ля кожнай з нашых родных магілаў нехта быў.

І я, прайшоўшы яшчэ раз па тых росных могілкавых сьцежках, паглядзеўшы, адчула: нягледзячы на ўсё, што б ні было ў нашым жыцьці, вось такія ўспаміны і вось такія дарогі даюць нам сілу і моц.

Ганна Дземідовіч
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org