RFE/RL |
Гадоў 30 таму, недзе праз год пасьля заканчэньня Беларускага Дзяржаўнага
Ўнівэрсытэту, я трапіў працаваць настаўнікам біялёгіі і геаграфіі ў вёску
Алень Магілеўскага раёну. І хаця пасьля вайны прайшло ўжо даволі шмат часу,
і мне, маладому настаўніку, здавалася, што нашая адукацыя ідзе наперад,
тое, што я ўбачыў у той школцы, прымусіла мяне апусьціца на зямлю.
Я кажу “школцы”, але школа ў вёсцы існавала толькі на паперы. На самай справе яна з-за нядбайнасьці адміністрацыі згарэла. Заняткі праходзілі ў некалькіх сялянскіх хатах, часам, проста ў сенцах. Тым часам, гаспадары побач займаліся звычайнымі хатнімі справамі – гатавалі ежу для быдла, пралі бялізну ці яшчэ што. Увогуле, школа была месцам высылкі для настаўнікаў, якія ў нечым праштрафіліся альбо з-за алкагольнай залежнасьці не маглі працаваць, так бы мовіць, на людзях. Аб некаторых прадметах, якія мусілі выкладацца ў школе, вучні нават нічога ня ведалі. Часта на ўвесь кляс быў толькі адзін падручнік. Працягласьць урокаў вагалася толькі ў залежнасьці ад настрою настаўнікаў – часам 20 хвілінаў, а часам і зусім адменіць. Дырэктар школы, стары алкаголік, часта пад час заняткаў пасылаў мяне ў краму па віно альбо гарэлку. Аднойчы я праводзіў урок у 7-м клясе. Дырэктар, як звычайна, у гэтай жа хаце сьпіць на печцы і гучна храпіць. Канчаецца ўрок, прыходзіць наступны кляс, а дырэктар прачнуўся і кліча мяне на кухню. Там налівае шклянку сівухі і кажа: “Пі”. Я ашалела гляджу на яго, на дзяцей, якія цікуюць праз фіранкі. “Дык урок жа зараз будзе”, – спрабую адбіцца. А дырэктар: “Ня вып’еш – не адпушчу”. Зьбіраю ўсе сілы, хутка выпіваю сьмярдзючы напой, закусваю кіслай капустай і ходу. “Куды гэта ты?” – аклікае дырэктар. – “Налівай яшчэ адзін стакан”. Давялося ізноў піць. Як ні дзіўна, аказалася, што пасьля такой дозы дзеці ўспрымаюць мяне цалкам звыкла і нават прыязна – вядома, у такім стане настаўнік добры, двойку не паставіць. Аднойчы ўзімку адзін з вучняў 7-га клясу ўначы выбіў вакно ў хаце, дзе мы жылі з жонкай і малым сынам. Аказалася, што гэтым ён адпомсьціў маёй жонцы, таксама настаўніцы за тое, што яна не адпусьціла яго з заняткаў на п’янку да васьміклясьнікаў. У такіх умовах прарабіў цэлы навучальны год. Выпускныя экзамены ў восьмым клясе правялі ўмоўна, двоек не паставілі нікому. Пасьля году настаўніцкай працы я вырашыў увогуле кінуць працу ў адукацыі. Вядома, шкада было пакідаць дзяцей, якім увесь год спрабаваў дапамагчы, выцягнуць іх з гэтай багны, але настаўнічаць у вёсцы ўжо не хацелася. Аляксей Дуброўскі
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |