RFE/RL |
Гісторыя гэтая пачалася з дробязі. Як толькі наш усюдыход спыніўся каля
двухпавярховай казармы ў забытай Богам бухце Сінкан, як часовы яго гаспадар,
палкоўнік Генадзь Уладзіміравіч Ліхавецкі, разьмінаючы самлеўшыя ад доўгага
падарожжа ногі, прамовіў:
– Гэх, сагрэцца б!
Неўзабаве мы зь Кешам знайшлі ў рыбачым пасёлку і прыцягнулі ў казарму, дзе нас разьмясьцілі, бутэльку сучка – тагачаснай гарэлкі, якую, па чутках, гналі з драўлянага пілавіньня. Нашая патаемная вячэра праходзіла ў пакоі палітпрацы. Закускі амаль не было, і нас, стомленых цяжкімі тайговымі шляхамі, хутка пацягнула ў сон. Але перад тым, як адкінуцца на вузкі сяньнік, Генадзь Уладзіміравіч ткнуў пальцам у пустую бутэльку: – Гэта схавайце. І каб ніякіх сьлядоў. Праз некалькі хвілінаў і я пачаў правальвацца ў сон, і апошняе, што памятаў, быў Кеша, які падымаў вялікі бюст Сталіна і хаваў пад ім пустую бутэльку. Раніцай я нават і не згадаў пра хітрыкі майго спадарожніка. І зусім бы забыўся аб гэтым, калі б Генадзь Уладзіміравіч ужо ў машыне нібыта абыякава не спытаў у мяне: – Слухайце, а вы там ліквідавалі?.. Гэта самае куды дзелі? Я сказаў. – Вы ведаеце што нарабілі?! Я імгненна ўявіў сабе, як хтосьці знаходзіць бутэльку, як пачынаецца сьледзтва. Ліхавецкі пакрочыў да машыны: – Назад. – Кінуў ён кіроўцу. – І як мага хутчэй. Калі мы вярнуліся ў пакой палітпрацы, у той самы, дзе начавалі, ішлі палітзаняткі. – Выведзеце групу, – загадаў Ліхавецкі маёру. – Сфатаграфуем для газэты. Пасьпяшайцеся. Маёр пачаў тлумачыць, што група гэтая – ня лепшая. Але палкоўнік зноў паўтарыў свой загад. Кеша імгненна ацаніў сытуацыю і выцягнуў сваю “лейку”, а я кінуўся ў пакой. Там, у пустым пакоі, я кінуўся да бюсту, рэзка прыўзьняў яго пярэднюю частку і пахаладзеў – бутэлькі не было… Ня ведаю, чым бы гэта скончылася, калі б рука мая не намацала раптам нешта круглае і халоднае. – Нашая? – Спытаў Генадзь Уладзіміравіч, калі я асьцярожна выцягнуў з палявой торбы рыльца бутэлькі з чырвоным сургучом: – Нашая. Ён стрымана ўздыхнуў і адну за адной праглынуў дзьве вялікія зялёныя таблеткі. Аляксандар Дракахруст
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |