RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Мы прыехалі на гастролі ў Гродна. Гэты былі мае першыя такія вялікія гастролі ў Гродна. Ну і, вядома, шмат родных, людзей, зь якім я вычылася ў школе, у культпрасьветвучылішчы… Адным словам, прыехалі мы на гастролі і прывезьлі спэктакаль “Апошняя ахвяра” Астроўскага. Я грала Юлію Тузіну, Дульчына граў наш знакаміты, раскошны, прыгожы Віця Тарасаў, Прыбыткава граў народны артыст Савецкага Саюза Леанід Рыгоравіч Рахленка. А сытуацыя там такая.

Маладая ўдава, за ёй ухлёстывае адзін малады чалавек, ён становіцца яе каханкам, і ён прайграе ўсе яе грошы, якія ёй муж-нябожчык пакінуў, а яе кахае і вельмі апякае такі багаты чалавек – Прыбыткаў, яго граў Леанід Рыгоравіч Рахленка. Я была вельмі прыгожа надзетая – агромністы чорны капялюш з блёсткамі (я ніколі такога капялюша ня мела). Ну і мае родныя, бацька з маці, першы раз прыйшлі ў тэатар, сядзелі ў “царскай ложы” у нашым старым гродзенскім тэатры.

Публіка прымала мяне вельмі цёпла, скончыўся спэктакаль, мяне завалілі кветкамі, я прыходжу дахаты ў такім цудоўным настроі, а бацька, як заўсёды, сядзіць на покуці і п’е чай. Бярэмя кветак ў мяне, я кажу:
– Мама, ну як спэктакаль, спадабаўся?
Яна кажа:
– Маўчы, маўчы.
Кажу:
– А што такое, не спадабаўся спэктакаль?
Матка кажа:
– Маўчы, кажу.
Тут бацька адстаўляе чай і кажа:
– А што там магло спадабацца. Цалюткая заля людзей, знаёмыя, родныя, бліжнія, усе цябе ведаюць, а ты як дурная ходзіш па сцэне, усе цябе падманваюць, гэты прайдзісьвет, карцёжнік усё прайграў, усе грошы твае. А ты ходзіш па сцэне, нічога ня бачыш. Усе людзі сьмяюцца – перад старым чалавекам кленчыш, каб ён табе грошы пазычыў, каб гэтага выкупіць зь ямы даўгавой. Лілечка, я жыцьцё пражыў – я капейкі ніўкога не пазычыў, а ты перад усімі людзьмі кленчыш перад старым чалавекам… Цьфу! Век я ня быў у гэтым тэатры і век ня буду.

І сапраўды мой бацька ніколі ня жыў на чужыя грошы – ён сказаў праўду. І сапраўды гэты быў яго першы і апошн візыт у тэатар.

Лілія Давідовіч, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org