RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Я хачу ўспомніць некалькі выпадкаў, калі я пісаў сваю трылёгію “Гаспадар камень”, “Пабуджаны” і “Свой дом”, прысьвечаную ўтварэньню БНР і БССР. Да гэтага часу я ўжо быў аўтарам некалькіх кніг прозы – апавяданьняў і аповесьцяў, якія былі прысьвечаныя ў асноўным сучаснай вёсцы і сучаснаму гораду таксама. І мне не было вялікай неабходнасьці зьбіраць матар’ял, каб напісаць гэтыя творы.

Калі ж я прыступіў да напісаньня гэтай трылёгіі – ну, для першага раману “Гаспадар камень” мне было лягчэй. Гэты твор прысьвечаны падзеям, што былі да 17 году – літаратура была і дакумэнтальная, даволі і мастацкая літаратура ў асобе Коласа, Гарэцкага ўсё гэта адлюстравала.

А калі я прыступіў да напісаньня рамана “Пабуджаны”, прысьвечанага непасрэдна 17-му году, тот тут узьнікла шмат цяжкасьцяў. Падзеі тут былі вялікія, бурныя, тут было шмат палітычных партыяў, пачала дзейнічаць і наша нацыянальная інтэлігэнцыя, нацыянальныя сілы. Але, па-першае, усе гэтыя дакумэнты былі ці вывезеныя, ці схаваныя за сяміпудовымі замкамі, а калі што пісалася ў гістарычнай літаратуры, то там былі толькі два колеры: чорны і белы. Чорны – прысьвечаны так званым “нацыяналістам”, белы – бальшавікам.

Мне хацелася б расказаць, як я пранікаў у архівы вось за тыя сяміпудовыя замкі, каб патрымаць у руках дакумэнт, каб паглядзець, адчуць дух таго часу. Шляхі, якімі я гэта здабываў, былі вельмі цікавыя для мяне.

Скажам, я ведаў, што нямала дакумэнтаў па гісторыі нацыянальнага руху ў гэтым стагодзьдзі выдадзена за мяжой. А як здабыць? І вось чалавека, які ехаў у Нямеччыну і Амэрыку, я папрасіў: там табе дадуць, ты знойдзеш, ну, прывязі…

Ён не паабяцаў, але раптам прывозіць. А якім чынам: ён прыхапіў з сабой гісторыю КПСС і, вядома, на мяжы, убачыўшы такую кнігу, не зьвярнулі на гэта ўвагі. А мой таварыш там, за мяжой, вырваў амаль усе старонкі з гісторыі КПСС і ўклаў туды гэтую кніжку, якую я вельмі хацеў мець.

Генрых Далідовіч
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org