RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Гэта было ў 1984 годзе, калі я ўжо сканчваў Інстытут тэатральна-мастацкі. Тады ўжо надыходзіў час абароны дыплёму, і ў гэты адказны момант нас набіралі ў войска.

Адбывалася гэта ў ваенкамаце Савецкага раёну Менску. Таварыш маёр рабіў гэты набор, ставіў усіх “па стойцы сьмірна”. Гэта было сьмешнавата пазіраць на хлопцаў пасьля 10-х клясаў. Але дайшла чарга й да нас. Калі я падняўся і пачаў адказваць на ўсе пытаньні па-беларуску, маёр сказаў, што ён загадвае мне адказваць выключна на расейскай мове. Я запытаўся, чаму. А маёр пачаў казаць: “Я не разумею”.

Пасьля тарымалася так, што мой сябра Рыгор Панцелееў выконваў ролю перакладчыка зь беларускай на расейскую і наадварот – для мяне.

Дайшло да таго, што таварыш маёр сказаў, што я першы пайду на Расею зь вілкамі, пра што я змаўчаў. А калі ён сказаў, што мае бацькі яшчэ пашкадуюць, што нарадзілі сына, я не стрымаўся.

Я паведаміў, што не дарую яму гэтых словаў. Як я мог адпомсьціць? Па наіўнасьці я пайшоў да камісара Ваенкамату і ў пісьмовай форме гэта ўсё выклаў. Хлопцы мае падпісаліся, але я, канешне, сур’ёзна гэтага не ўспрымаў.

І вось, ужо пасьля абароны дыплёму, калі мы з хлопцамі стаялі на вайсковым пляцы, калі набіралі нас у цэнтральным ваенкамаце, а пры гэтым маёр яшчэ паабяцаў, што я буду служыць далёка на поўначы, дзе белыя мядзьдзьведзі, дык вось, пастаялі на пляцы цэлы дзень, да нас падыходзяць у марской форме капітан з сэржантам і набіраюць групу такую. Самых апошніх.

Мы сказалі, што, нарэшце, “даскакаліся”, будзем служыць ня год, а паўтара. І на флёце. Але, не пасьпеўшы выехаць далей за межы Ўкраіны, як мы ўжо зразумелі, што ня так ужо і добра выконвае свае абяцаньні таварыш маёр, бо, па-першае, служыць мы будзем не на караблі, а ў берагавой ахове.

Неўзабаве нам далі цэлую казарму – пад майстэрню. І ў нас пяцёра чалавек, цэлае аддзяленьне, мы рабілі там клюб, фантан. Мы былі задаволеныя. Мы схадзілі ў адпачынак. Мне ўдалося нават два разы – адзін, калі нарадзілася дачка, а другі – гэты фантан.

Вось у другі раз, калі я быў у Менску праездам, я зайшоў у сталоўку побач з ваенкаматам, і там за адным столікам я сядзеў з вайскоўцам. У тым вайскоўцу я пазнаў капітана з ваенкамату, які прысутнічаў пры ўсіх падзеях.

Калі абед скончыўся, я спытаўся ў яго, як пачуваецца таварыш маёр. А капітан адказаў, што маёра даўно-даўно выгналі. І дадаў: “І правільна зрабілі”. І мне стала вельмі-вельмі прыемна.

Сяржук Цімохаў, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org