RFE/RL |
Некалі ў Беларусі шмат вадзілася мядзьведзяў. Хто зараз можа сустрэць хаця
б аднаго ў лесе… Але вось мой бацька расказваў мне гісторыю, якая адбылася
зімою ў 1942 годзе.
Быў ён тады камісарам партызанскага атраду. Ня тое што блякада была. На тое ў немцаў у той пэрыяд сілаў не было. Ішлі цяжкія баі пад Сталінградам. Проста ва ўсіх навакольных вёсках стаялі нямецкія гарнізоны, і ў партызанаў з харчам было вельмі напружанае становішча. Тут адзін з партызанаў, блукаючы па лесе, натыкнуўся на бярлогу мядзьведзя. Прыйшоў і далажыў: так і так. Мядзьведзь – гэта ж гара мяса. Паслалі цэлы ўзвод, каб гэтага мядзьведзя ўзяць. Але ж як яго возьмеш, калі ён пад ламаччам і сьнегам ляжыць. Вось яны ляглі ланцугом вакол бярлогі. Аднаго чалавека паслалі гэтага мядзьведзя раскатурхаць. Вось ён узяў палку, сунуў у дзірку, праз якую пара зь бярлогі йдзе, і пачаў там мядзьведзя турбаваць. І, калі бярлога зварушылася, ён, натуральна, бегма бегчы. Пакуль мядзьведзь адтуль падняўся – злосны, ня любіць, калі яго зімою падымаюць – усе пачалі наводзіць зброю. Яле ж ня сьцямілі, што яны колам ляглі. Калі страляць, дык адно ў аднаго. Ня можна. Не было сярод партызанаў паляўнічага, каб ён правільна іх расставіў. Мядзьведзь падняўся, падышоў да першага партызана. Нічога яму не рабіў, не ламаў. Нічога. Узяў у яго з рук стрэльбу, пагнуў яе, кінуў. І так прайшоў па ўсім коле. І ўсе вінтоўкі пагнуў. Павярнуўся і пайшоў у лес. Гэтыя партызаны ў атрад вярталіся ня хутка. Ім давялося недзе ў лесе – там лазенка была – сьпярша ў тую невялікую лазенку схадзіць давялося. Трохі б з бялізнай там разабрацца, а вось тады яны асьмеліліся прыйсьці ў атрад. Хто з людзей паспытаў вельмі вялікі страх, той ведае, што можа напасьці стаўбун – бегчы трэба, а ногі не бягуць. У народзе гэта так і называецца – найшоў стаўбун. Яны ўсе дранцьвелі ад страху, яны бегчы не маглі, гаварыць не маглі. Ну і здарылася з кожным тое няшчасьце, якое вымагала потым лазьні. Зараз людзей трэба баяцца, а не мядзьведзяў. Бацька мой, Барыс Паўлавіч Хаймовіч, з 41-га па 44-ы год быў камісарам першага батальёну 208 партызанскага палку, якім камандаваў перш Нічыпаровіч – гэта быў выдатны чалавек, на якога пасьля быў напісаны данос. Яго адклікалі ў Маскву ў 42-м годзе, ён скончыў акадэмію Гэнеральнага штабу, атрымаў званьне генэрал-маёра, павінен быў ісьці на фронт, але тут данос падасьпеў, яго пасадзілі і ў 45-м годзе, у красавіку, ён у турме абвесьціў галадоўку і памёр ад голаду. Фэлікс Хаймовіч
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |