RFE/RL |
Мне недзе 5-6 гадоў. Я ў сваёй роднай вёсцы Лышчыкі Кобрынскага раёну выходжу,
як у нас казалі, на загумен і перада мною – заліўны луг. Раньняя вясна.
На гэтым лузе – незвычайныя колеры і ўвогуле незвычайнае відовішча, якое
ўражвае мяне сваім выглядам. Бо ўжо парасла і зацьвіла трава. Неверагодна
далікатная і зялёная трава выбіваецца з-пад вады, вялікія густа-зялёныя
лісты лотаці й жоўтыя галінкі. І вось на гэтай паверхні яшчэ доўгія і шматлікія
палосы. Гэта – павыносілі выбельваць палотны жанчыны. Мяне неверагодна
цягне да гэтага, хочацца ськінуць сваю абутку і прабегчыся па гэтых палотнах.
Я, натуральна, не ўтрымліваюся, скідаю боты і лячу. Адчуваньні нагам босым неверагодна далікатныя, прыемныя ад цеплыні гэтых палотнаў. Але калі ж я іх парушу ў вадзе, вада ўскаламуціцца, то ведаю, што мяне за гэта могуць пакараць. Тым ня меней я прабягаюся ў адзін бок, саскокваю ў халодную ваду, забягаю на другое палатно, прыбягаю да сваіх ботаў, а потым шчасьлівы і радасны ўцякаю з гэтага месца дахаты. Чаму тое так памятаецца? Таму, што няма больш заліўнога лугу, няма ўспрыманьня абсалютна ўсімі пачуцьцямі гэтай сьпеўкі кнігавак, гэтых жаўранкаў, гэтых колераў. І для мяне гэты ўспамін узьнікае вельмі часта як магутны, усеахопны знак малой радзімы. Іван Чарота, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |