RFE/RL |
Майму сыну 45, свая сям’я, свой клопат у нялёгкі час. Сустракаемся рэдка,
і вось я здалёк успомніў даўняе.
Работа была пільная, я нават і зашчапіўся ў сваім кабінэце, яшчэ ўсё нязвыклы да гэтага слова, а ён, устаўшы, як і належыцца, значна пазьней – калі і сёстры ў школе, і маці на кухні занятая, і тое, што тату сёньня ня можна перашкаджаць, – ён спачатку патупаў мякка каля маіх дзьвярэй, потым зашморгаў па іх нечым драўляным, а, нарэшце, і нечым пастукаў. Падыходжу, крыху раздражнёна пытаюся: – Ну што табе? Адказ – упершыню такі, і ў памяць на заўсёды: – А я хачу ў цябе жыць. А яшчэ памятаю, справядліва ляпнуў унучка па мяккім, а ён расплакаўся ад найвялікшай крыўды і прытуліўся да дзеда. У мяне, добрага, шукаючы абароны ад мяне дрэннага. Тыя яго краплістыя сьлёзы не даюць мне спакою гадоў ужо з пятнаццаць, час ад часу вяртаюцца як боль і вобраз. Янка Брыль
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |