RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Пра Максіма Такушэвіча цяпер ужо шмат хто ведае. Ну а я, як чалавек, які якраз разьбіраецца ў музычных інструмэнтах (я шмат вывучаў гэтыя пытаньні), скажу толькі, што гэта, безумоўна, быў самы лепшы майстар па цымбалах у Беларусі за апошнія поўстагодзьдзя.

А ўпершыню, як прыехаў да Максіма Такушэвіча ў сьнежні 87-га году, у вёсцы Ўланаўшчына мне паказалі на бэз на ўзгорку праз невялічкае поле і сказалі, што вось як дайду да гэтага высога старога бэзу, убачу сядзібу. Калі прабраўся праз глыбокі сьнег, дабраўся да гэтага бэзу, убачыў самога Максіма. Гэта быў велізарнага росту чалавек, шырачэзны ў плячох, ну сапраўдны волат! І ня толькі волат – ён быў вельмі майстравіты чалавек, і ня толькі па цымбалах. Ён майстраваў шмат чаго. Для тых жа цымбалаў нават калкі ён каваў сам, у яго сядзібе была свая кузьня.

Сядзіба сама была яшчэ бацькаўская, дарэвалюцыйная, і яна стаяла адна на гэтым узгорку. Ужо ўлетку я ўбачыў, што каля сядзібы праходзіць брукаваная вуліца з вельмі добрым, але ўжо зарослым брукам. І больш нічога – адна сядзіба.

А як гэта здарылася? Гэтую вёску ў свой час абвесьцілі непэрспэктыўнай. Гэта значыла ў тыя савецкія часы, што яна падлягае зносу і расьсяленьню. Расьсялілі ўсіх, застаўся толькі Такушэвіч – ён быў усё ж ветэран Другой сусьветнай вайны, чалавек заслужаны, з мэдалямі, і ня ведалі проста, як да яго падыйсьці. Нарэшце, да яго падыйшлі ўсім начальствам, як кажуць, і прапанавалі выключныя ўмовы. Выбірайце – або хата ва Ўланаўшчыне або кватэра ў Красным. Ён, выслухаўшы ўсе гэтыя прапановы, падняўся і сказаў: “А ці для таго я зь немцамі ваяваў, каб мяне свае ж з бацькоўскае хаты выгналі”. І выгнаў усё гэтае начальства з хаты.

Так і жыў без электрычнасьці, без нічога, і ніхто яго болей чапаць не пасьмеў. Гэтую сядзібу зьнесьлі толькі пасьля ягонае сьмерці.

Уладзімер Бербераў
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org