RFE/RL |
Закаханасьць да Беларусі, да беларускай мовы прыйшла да мяне з раньняга
дзяцінства. Вялікае ўражаньне зрабіла на мяне барацьба нашых мяйсцовых
патрыётаў, якія, калі зачынілі Грамаду, сталі сябрамі камуністычнай партыі
Заходняй Беларусі. Гэта таксама былі шчырыя беларускія партыёты: змагаліся
за беларускія школы, прынцыпова размаўлялі толькі па-беларуску, і гэта
на мяне рабіла ўражаньне.
Найбольш, напэўна, зрабіла для майго выхаваньня родная сястра Вера, якая вучылася ў Віленскай беларускай гімназіі, ведала добра гісторыю Беларусі і мяне знаёміла зь ёю. Усё было ў нас па-руску, нават беларускую мову мы вывучалі па падручніку для маскоўскіх унівэрсытэтаў: па-руску ўсё, толькі прыклады беларускія. Праўда, быў выкладчык літаратуры Ржэўскі, які вучыў нас патрыятызму – але яго хутка арыштавалі. Гэта было пры Хрушчове – адліга была не для беларусаў. Далі яму 7 гадоў толькі за тое, што вучыў студэнтаў любіць родную мову. Сытко Павал – таксама ў змрочныя 50-я гады вельмі шмат зрабіў для выхаваньня беларускасьці ў студэнтаў. Мы нават лічылі яго сваім куратарам, класным кіраўніком. Як потым выясьнілася, нічога падобнага – проста, для кожнага беларускага хлопца ён ставіўся па-бацькоўску. Ну, а потым ужо, калі я сам стаў выкладаць беларускую мову, я ўбачыў, што, напрыклад, мэблю з нашага габінэту, якую мы бераглі некалькі гадоў, і яна выглядала як новая – забралі ў ваенны габінэт, нам паставілі самую горшую. Усё самае горшае давалі ў беларускі габінэт. А ў КГБ мне адкрыта сказалі: “Беларуская мова далжна ішчэзнуць, вы нам мяшаеце.” Так што не таіліся з гэтым. Наогул, да 50-х гадоў я лічыў, што застаўся адзіным беларусам у Беларусі. А потым пачалі неяк знаходзіцца людзі, якія таксама горача любілі сваю Бацькаўшчыну. Алесь Белакоз, Гудзевічы
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |