RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Калі людзі заходзяць у маю хату, то ў сьвятліцы, дзе мінімум мэблі, сярод пакоя стаіць куфар – даволі незвычайная рэч для любых кватэраў. Куфар не такі, які ўяўляецца, які падаецца ва ўсіх даведніках, – ня ў кветкі, а чорны, абабіты медзьдзю.

Адкуль ён у мяне ўзяўся – да гэтага часу загадка. Ён стаяў яшчэ ў маёй бабулі, прабабулі, і тата мой не аддаваў яго пры сваім жыцьці, толькі пасьля яго сьмерці гэты куфар пераехаў у маю хату. Але пад час пераезду згубілі ключык. Ключыка няма, спрабавалі адчыняць самі – няма магчымасьці.

Я даю абвестку – у нас ёсьць такая газэта “Из рук в руки”, – што хачу адчыніць старажытны куфар і ўяўляю, што да мяне зараз прыйдзе медзьвяжатнік з цэлым наборам адмычак для куфра. Але часьцей за ўсё прыходзілі людзі-непрафэсіяналы зь нейкімі ледзьве ня ломамі. Я кожнага выпраўляла. Шукала я так цэлы год.

Мне параілі, што ёсьць той, хто адкрывае сэйфы – першы медзьвяжатнік гораду Менску. Вось я яго і загітавала прыйсьці да мяне ў госьці адчыняць куфар.

Ён прыяжджае менавіта з такім кейсам, як я і ўяўляла – з маленькімі адмычачкамі, цэлы кейс розных прыладаў. Ён сядзеў спакойна, доўга, спрабаваў адчыніць, кажа: “Не, відаць я ня буду думаць. Я пад’еду да Вас заўтра”.

Наступны дзень ён нешта ўжо намацаў, сказаў, што ён заўтра прывязе ключык. На трэйці дзень ён прыяжджае з ключыкам, чароўна падыходзіць да гэтага замочка, адчыняе адзін замочак, з радасьцю паказвае, што ён адчыняецца, падыходзіць да дургога – а там два, яны ўстаўныя – укладае гэты ключык… а замочак не адчыняецца… Ён у жаху кажа: “Адзін быў ключык?” Я кажу: “Адзін”. “А чаму ж ён не адчыняецца?” А заўсёды адчыняліся два замочкі, я нават не задумвалася, што яны розныя. Ён кажа: “Скажыце, а можна я ўскрою гэты мэханізм? Мне так цікава, гэта ж незвычайна – адным ключом адкрываюцца два замкі?” Я яму дазволіла, але з той умовай, што ён назад паставіць усе заклёпачкі.

Ён адкрывае – і на самім мэханізме напісана “1908 год. Ню-Ёрк”, ну і назва фірмы. Калі ён разабраў замок дык зразумеў, як гэта робіцца. Яшчэ праз суткі ён мне прынес ключык і сказаў: “Вы мне грошы не плаціце, я з такой радасьцю ўскрываў Ваш куфар, што мне гэта будзе ўспамін на доўгія гады”.

Ню-Ёрк, 1908 год – гэта ўсё дзіўна, таму што гэта ўсё пацьвярджае легенду, якую мне расказвала яшчэ бабуля, – што гэты куфар быў прывезены зь Ню-Ёрку каханым менавіта для яе. Гэта ўжо само па сабе пацьвярджае, што нашая спадчына не мяняецца, а толькі да яе трэба дабрацца, нават праз два замочкі, якія немагчыма адчыніць.

Ганна Барвенава
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org