RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Я сваё жыцьцё хацеў бы падзяліць на тры пэрыяды. Першы – дзяцінства і юнацтва, калі жыў у асяродзьдзі сваёй сям’і ў сваёй роднай вёсцы. Я лічу гэты пэрыяд свайго жыцьця вельмі шчасьлівым, хаця, несумненна, цяжкім. Таму што і ў даваенны час, і ў час савецкай улады, і, тым больш, у час нямецкай акупацыі жыцьцё было вельмі цяжкое. Але пры гэтым, аднак, магу гаварыць аб шчасьці, таму што гармонія была ў сям’і, сужыцьцё паміж маёй сям’ёй і суседзямі, сваякамі складалася як найлепш. І таму я думаю, што калі ў маім сэрцы ёсьць нешта высакароднае, добрае, дык гэта ўсё было пачэрпнутае адтуль. І нават калі гаварыць сёньня аб маіх схільнасьцях паэтычных, то напэўна, іх карэньні выходзяць з таго асяродзьдзя, з таго часу, калі я быў юнаком.

Другі пэрыяд майго жыцьця зьвязаны з пасьляваенным часам – так званай Народнай Польшчай, да якой я асабіста не магу мець прэтэнзіяў. Таму што пасьля шматгадовай дыскрымінацыі ў адносінах да беларусаў у даваенны пэрыяд – пасьля вайны адкрыліся вялікія магчымасьці вучобы, авансу грамадзкага, працы і пераезду з перанаселеных беларускіх вёсак у малыя альбо вялікія гарады Польшчы.

І, урэшце, трэці пэрыяд – калі я першы раз у сваім жыцьці недзе ў 78-79 годзе на запрашэньне Лёнданскага эміграцыйнага асяродку паехаў у Лёндан. Там я першы раз сустрэўся з такімі людзьмі, як біскуп Сіповіч, сьвятар Аляксандар Надсан. Перада мной адкрыўся зусім новы сьвет, аб якім я нічога раней ня ведаў. Я паглядзеў, што ёсьць іншыя людзі – не зьвязаныя ўвогуле з так званай народнай дэмакратыяй, тым больш зь нейкім там сацыялізмам – людзі, якія жывуць у зусім іншых варунках, адарваныя ад сваёй Айчыны і, здавалася б, ад сваёй роднай мовы, а, нягледзячы на гэта, яны захавалі і беларускую тоеснасьць, прывязанасьць да Радзімы, і адданасьць беларускай ідэі і беларускай незалежнай дзяржаве.

У наступныя гады – у 81 і 87 – я паехаў у Амэрыку. Сустрэў там цудоўных людзей-беларусаў – такіх як Сяргей Карніловіч, Кастусь Калоша, дзядзька Антон Шукелойць, Антон Адамовіч, Янка Запруднік, Кіпель ды ягоная жонка Зора, браты Русакі. Гэта быў для мяне зусім новы сьвет. Я даведаўся, што ёсьць вялікая група беларусаў, адарваных ад Радзімы, якія абсалютна нічога ня страцілі зь беларускасьці. І, несумненна, гэты момант для мяне таксама стаўся вялікай інспірацыяй у маім сьветапоглядзе, у маім падыходзе да жыцьця і таксама ў маёй паэзіі.

Я глыбока ўдзячны ўсім людзям з усіх трох пэрыядаў майго жыцьця. Усё гэта сфармавала спэцыфіку майго жыцьця, і ўсё гэта – прычына майго асабістага шчасьця. Я перажыў шэсьць грамадзкіх палітычных эпох, я ўсім гэтым людзям глыбока ўдзячны. Усюды ёсьць вялікая кагорта шчырых, адданых беларускай справе беларусаў, і гэтыя асобы былі, ёсьць і будуць заўсёды самымі дарагімі асобамі ў маім жыцьці.

Алесь Барскі
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org