RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя.
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Са школьных падручнікаў па гісторыі ведаў, што сьцяг над Рэйхстагам узьнесьлі двое, Міхаіл Ягораў і Мілітон Кантарыя, рускі і грузін. Усё па сцэнары Крамля.

І раптам тэлебачаньне трансьлюе паседжаньне ў Крамлі, прысьвечанае пачатку вайны 41-45 гадоў. Выступае Міхаіл Ягораў: “Закрапілі мы знамя і ўвідзелі Берлін на ладані…” Уразіла гаворка героя, і закралася недзе думка – а ці не зямляк ён раптам?

Гэтая думка прывяла мяне, дакладней прывезла, у Рудню што побач зь Вітэбскам, на спаконную беларускую Смаленшчыну. Тут на малочна-кансэрвавым камбінаце Герой Савецкага Саюза Міхаіл Ягораў працаваў дыспетчарам чыгуначнай веткі. Дарэчы, веткай гэтай звалася вузкакалейка даўжынёй ня болей як 300 мэтраў. На працы дыспэтчара не было, жонка сказала, што ён ужо даўно ў Вітэбску.

Няўлоўнага Ягорава дастаю ў Вітэбскім таварыстве па распаўсюджваньні ведаў. Невысокі, хударлявы, зь нейкім нутраным спакоем і разам з тым стомлены, нават крыху раздражнёны. Вайсковае галіфэ, вайсковая фуражка, на заламаным лацкане чорнага заношанага пінжака зорка Героя, ордэны. Зірнуў на фотаапарат Мішы Мінковіча, фотакарэспандэнта часопіса “Беларусь” і чамусьці прыняў фотаапарат за магнітафон, і наадрэз: “Запісвацца на магнітафон ня буду, наогул часу ня маю, еду ў Рудню”.

Задаю дзяжурныя пытаньні, запісваю такія ж адказы. Нарадзіўся ў вёсцы Бардзіна Руднянскага раёна 5 мая 25 года, партызаніць пачаў у чачэнскіх лясах Дзямідаўскага раёна. (Сёньня ўспамінаю нашую гаворку, і неяк па-іншаму гучыць “партызаніў у чачэнскіх лясах”)
Дарэчы, згадаў Ягораў і маю Вушачу, дзе смаленскі партызанскі полк стаяў гады паўтары. Усё неяк па-казённаму дзеецца. І тут выручае былы партызан, крытык Іван Кудраўцаў. Ён прапануе: “А можа перакусім у буфэце гасьцініцы “Дзьвіна?” Герой аднекваецца, бачыце, жывот баліць. Кудраўцаў хапаецца за гэтую адгаворку: “Горны дубняк” якраз і вылечыць жывот, з уласнага вопыту ведаю”.

І сядзім у буфэце, і бярэм пляшку за пляшкай “Горнага дубняку”, ад якога неспрактыкаванаму лёгка і дуба даць, бо хвілін пяць калоціць, калі толькі да носу шклянку паднясеш, і хвілін зь дзесяць – пасьля таго, як яе асушыш.

Пацяплеў Ягораў, распавядае з большым даверам і пра першы бой і пра першы страх, а мяне ўсё цярэбіць думка – беларус ён.

Наліваем, выпіваем, герой пачынае хіліць галаву на буфэтны столік, а я пачынаю сваё: “Ну вы ўсё ж беларус?” Раптам Ягораў
цьверазее і, лёгка ўстаўшы з-за стала, рапартуе: “Не, я рускі”.

Наліваем, выпіваем. У мяне другое пытаньне: “Ну з вамі ж Кантырыі не было?” Зноў Ягораў цьверазее, лёгка ўстае з-за стала і рапартуе: “І тады са мной быў Мілітон Кантарыя”.

Пасьля ня помню ўжо якой шклянкі і пляшкі Міхаіл Ягораў сказаў, што дзед быў беларус. Я ўхапіўся за гэтую нітачку, каб разматаць увесь клубок, ды як на тое ліха буфэт зачыніўся на абед. Гэта савецкая завядзёнка рабіць перапынкі на абед у рэстаранах, кавярнях, у буфэтах!
“Гоны дубняк” скончыўся, пайшлі на вакзал праводзіць Міхаіла Ягорава ў Рудню, на вакзале яшчэ і сфатаграфаваліся на памяць.

Так і не перамог “Горны дубняк” героя.

Рыгор Барадулін
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org