RFE/RL |
Я, як ні кажыце, – дзіця вайны. Я 35-га году, мне будзе 65 гадоў. У 41-м
годзе я жыў у Клімавіцкім павеце Магілеўскай губэрніі.
Памятаю, як увайшлі ў вёску немцы. Уяжджае танк пасярэдзіне вуліцы. На башні сядзіць немец – па пояс голы, цывільны капялюш на галаве і на губным гармоніку грае. Паказвае, што трэба замаскіраваць танкі, каб не забамбілі. Ну і мы ламаем усё – яблыні, грушы, вішні ды ў кожную шчыліну ўтыкваем. І нам даюць за гэта пліткі шакаляду. Я ж ня ведаў, што гэта шакаляд. Гэта зараз я ведаю… А тады за зробленую працу, за тое, што мы замаскіравалі танкі, даюць нешта такое салодкае. Памятаю, дарослыя прачыталі “Парыж”. Французкі шакаляд я еў у 41-м годзе. Потым, калі адыходзілі немцы… Дамы гараць, і калёна нямецкіх салдатаў ідзе. І раптам з гэтай калёны выходзяць два нямецкіх салдата ў плашчовых накідках. Нехта сказаў: “Стараляць будуць…” А яны падыйшлі і дзьве буханкі хлеба кінулі. І пайшлі зноў у строй. Мы думаем, напэўна атручаныя. А тут жа вёска гарыць. Усе зьбегліся туды, і каты, і сабакі. Мужыкі кажуць, давайце на катах праверым. Адламалі кусочак – каты за мілую душу зьелі ўсё гэта, інічога зь імі ня сталася. Вось, я хачу сказаць, ня ўсе немцы былі кепскія, як гэта было прынята гаварыць. Адступаючы чалавек аддаў апошні кавалак хлеба. А на наступную раніцу сядзім у бліндажы… Бяз даху, так у зямлю ўкапаліся. І вось толькі сонейка ўзыходзіць, толькі такі блакіт нябёсаў, і раптам зь лесу чуваць: “Ура-а, тра-та-та, тваю маць…” І хтосьці з мужыкоў сказаў: “Во, нашы ідуць…” Генадзь Аўсянікаў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |