RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


25 гадоў таму мы, студэнты гістарычнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, пачалі выдаваць машынапісны літаратурны альманах “Мілавіца”. “Мілавіца” была пераемніцаю самвыдавецкага наваполацкага альманаху “Блакітны ліхтар”, на той час ужо сканфіскаванага супрацоўнікамі Камітэту дзяржбясьпекі. Неўзабаве ворганы зацікавіліся і “Мілавіцаю”. Гэта выявілася спачатку ў тым, што альманах папрасіў пачытаць сакратар факультэцкай камсамольскай арганізацыі і чытаў яго болей за месяц, потым сакратар партыйнага бюро факультэту падкрэсьлена загаварыў са мною па-беларуску, але ў такой танальнасьці, як цяпер часам прамаўляе колькі беларускіх фразаў спадар Лукашэнка.

Тады для студэнтаў рэгулярна праводзіліся гэтак званыя ленінскія залікі пад назовам “рашэньні там нейкага зьезду КПСС у жыцьцё”. На чарговым заліку камісія рэкамэндавала мне чытаць больш грамадзка-палітычнай літаратуры і выпісаць часопіс “Камсамольская жизнь”.

А тут насунулася экзаменацыйная сэсія. Першым іспытам быў навуковы камунізм. Я чакаў розных неспадзяванак і таму рыхтаваўся даволі старанна. Экзамен па навуковым камунізьме прымаў прафэсар Круцько, які, прачытаўшы ў залікоўцы маё прозьвішча, адразу падазрона падняў брыво. Я адказаў на ўсе пытаньні, я нават ведаў, як правільна адказаць на тое, што прафэсар Круцько звычайна пытаўся на засыпку – а менавіта, да якой сацыяльнай групы належыць міліцыя. Паводле прафэсара, міліцыя належала да інтэлігенцыі. Надыйшоў час ставіць адзнаку. Прафэсар імгненьне павагаўся і пачаў пісаць “задавальняюча”. “За што?” – абурыўся я. “За тое, што Вы ва ўсё гэта ня верыце!” – увогуле слушна адказаў прафэсар. У выніку, дзякуючы “траяку” па навуковым камунізьме я не атрымаў чырвонага ўнівэрсытэцкага дыплёму.

Уладзімер Арлоў, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org