RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Гэтая падзея была ўжо 10 год таму, і зьвязаная яна была з тым, што ў нас у горадзе праводзіўся ўстаноўчы сход Таварыства Беларускай Мовы. Мяне запрасіў туды Яраслаў Клімаць, загадчык катэдры мовы нашага філфака Пэдадагічнага інстытута тады, зараз унівэрсытэта. Я прыйшла туды не адна, прыйшла са сваімі выхаванцамі, але ўразіла мяне і засталося ў памяці надоўга тое, што сярод сталых людзей, выкладчыкаў, журналістаў, мастакоў было многа дзетак-школьнікаў.

І вось выступ аднаго зь іх (яго звалі Андрусём) – я нават ня памятаю, здаецца гэта быў вучань 37-й школы, можа 9-га, можа 8-га кляса – але ведаеце, сярод усіх гэтых дарослых людзей ён выйшаў на трыбуну і загаварыў на нейкай незвычайнай беларускай мове – вельмі мілагучнай, вельмі чыстай… Мяне гэта так уразіла, што я вось зараз так добра ўсё памятаю. Я ня ведаю, як апісаць тое, што я адчула: замілаваньне, сорам за сябе, што я не валодаю такой мовай у свае гады, нейкую гордасьць, што ёсьць такія людзі: яны маладзейшыя за мяне, але ж з такім добрым веданьнем і з такімі добрымі адносінамі да свайго роднага. Прозьвішча яго на жаль ня памятаю, але вось ягоны выступ на тым сходзе, яго словы, яго мова – гэта ўсё мяне ўзрушыла так, што я палічыла, што сама павінна штосьці рабіць, ну нельга далей так жыць.

Потым былі вандроўкі па Беларусі, і вы ведаеце, пражыўшы амаль поўстагодзьдзя, я была ўзрушаная, што мая рэспубліка такая багатая, што наш народ такі багаты. Гэта можа падацца сьмешным – багаты на руіны. Але якія руіны! Момант, які мяне таксама ўзрушыў, гэта сустрэча з Ружанамі, з тым, што калісьці называлася маленькім беларускім Вэрсалем. Я вось пражыла столькі – я ня думала, што я гэта ўсё пабачу. Я, ведаеце, стала іншым чалавекам.

Тацяна Арасланава, Магілеў
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org