RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Я вучнем яшчэ цікавіўся, чаму так кепска жывуць у вёсках сяляне. У нас саўгас быў, і саўгас быў стратны, заўсёды такая беднасьць і ўбогасьць. І заўсёды хацелася знайсьці прычыны гэтага і пераадолець гэта.

Як зрабіць лепшае жыцьцё на вёсцы? У мяне быў выбар: у Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію на эканамічны факультэт… Калі я напісаў дыплёмную працу ў Горках на тэму ўдасканаленьня гаспадарчага мэханізму ў сельскай гаспадарцы… За гэтую працу старшыня дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі мне нават не хацеў даць дыплём. Гэта была першая сутычка паміж састарэлымі дагматычнымі поглядамі на сельскую гаспадарку і маладым хлопцам, які толькі закончыў вучыццца, і які на пятым курсе выказаў некалькі ўжо сфармуляваных ідэяў аб тым, што мэханізм трэба ўдасканаліць і перайсьць на новыя формы гаспадараньня ў калгасах і саўгасах, каб павярнуцца тварам да сялянаў, каб інтарэсы сялянаў працавалі.

Трэба адзначыць, што калі я займаўся на чацьвертым курсе, у мяне ўзьніклі пытаньні па зямельнай рэнце, па тым, што зямельныя адносіны ў нас не зусім урэгуляваныя, і тут сяляне вельмі шмат губляюць, бо іх тут абкрадаюць, па-сутнасьці, дзяржава. Цэны аднолькавыя. Хто на горшай зямлі, той застаецца жабраком на ўсё жыцьцё, а хто на лепшай зямлі, той акрамя неабходнага прыбытку, яшчэ і вялікія арэндныя даходы атрымлівае. У нас былі так званыя “маякі”, якія атрымлівалі вельмі вялікія даходы незаслужана, з прычыны той недасканалай сыстэмы эканамічных адносінаў.

І вось гэта я быў выклаў у сваёй дыплёмнай працы. І мой кіраўнік навуковы, і ўсе выкладчыкі ў Горках вельмі добра да гэтага адносіліся. Ацанілі дыплём на “выдатна”. Але пры абароне, да майго дакладу, старшыня дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі (ён быў з Краснадарскага сельгасінстытуту – доктар навук, прафэсар Легкаступаў) катэгарычна выступіў, каб мне не даваць дыплёма. Маўляў, гэта ня так, у нас усё добра і г.д. Ён напэўна бачыў, што тут падрываюцца ўстоі калгасна-саўгаснай сыстэмы. Узьнікла такая вось недарэчнасьць.

Мне выставілі “задавальняюча”, хаця раней усюдых было на “выдатна”. І тое – зь ім спрачаліся і ўгаворвалі дзьве гадзіны, каб выдаў мне дыплём.

Міхась Антоненка, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org