RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Гэта было вясною ў 1965 годзе. Я памятаю год, бо мы якраз перабраліся на новую кватэру. Быў цудоўны дзень, а нашыя дзеці заўсёды, як прыходзілі са школы, стараліся хутчэй адрабіць хатняе заданьне і бегчы на вуліцу, каб пагуляць каля будынкаў, каб пабегаць ды пабачыцца з сябрамі. Я звычайна выглядала ў вакно, каб праверыць, ці ўсё ў парадку. І раптам заўважыла, што малодшага сына, Данчыка, нідзе няма, а старэйшы гуляе ў бэйсбал. Я думала, што ён недзе адыйшоў крыху далей і хутка вернецца, але дарма – яго не было.

Тады я пачакала якіх 10 хвілін і выйшла на вуліцу. А ў Нью-Ёрку, як і ва ўсіх вялікіх гарадах, звычайна вельмі часта прападаюць дзеці. Бываюць выпадкі такія, што розныя злачынцы або тыя, што ня маюць дзяцей, крадуць для сябе, і пазьней вельмі цяжка знайсьці. Вось таму я страшэнна напалохалася. Пыталася ўсіх – ніхто яго ня бачыў. Тады мы ўсе пачалі шукаць і ніяк не маглі яго знайсьці. Гэта трывала, відаць, цэлую гадзіну. Я ўжо сабе ўяўляла найгоршыя рэчы.

Урэшце мне параілі пазваніць на паліцыю. Тады я хутчэй пабегла ў кватэру, але перад тым, каб патэлефанаваць, я не памятаю чаго забегла ў спальню. І што вы думаеце? На ложку спакойна спаў мой сын Данчык. Відаць вясьняная пагода вельмі на яго падзейнічала, што ён, выйшаўшы на вуліцу, незаўважна вярнуўся назад і бухнуўся на ложак. Гэта быў самы шчасьлівы момант у маім жыцьці, які назаўсёды застаўся ў памяці.

Юлія Андрусышына
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org