RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Галасы стагодзьдзя
Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Гэта цікавая гісторыя. Яна адбылася сёлета ў жніўні месяцы. Адбылося так, што папярэдзілі мяне, што прыедуць рыцары Фёдара Міхеева. Я згадзілася, што яны прыедуць, але забылася папярэдзіць свае ўлады, бо нашая зона памежная. І вось прыехалі хлопцы. Я была ў адпачынку, але ж дамовіліся, што прыйду ўвечары да іх у замак, раскажу пра гісторыю Гальшанаў. Так мы і зрабілі.

Прыйшоўшы ўвечары, я заўважыла прыгожыя шатры на замчышчы, хлопцаў маладых, надзетых у кальчугі, у шлемы, з кінжаламі, з мячамі. І вось каля вогнішча мы пасядзелі з гадзінку, я расказала пра гіторыю Гальшанаў, і потым хлопцы, падзякваўшы, кажуць, што хочуць дзе-небудзь гарбаты папіць з бутэрбродамі. Я кажу, маўляў, давайце я адвяду вас у кавярню. І вось па Замкавай вуліцы Гальшанаў (а гэта каля кілямэтру) яны не здымаючы латаў (я сказала, што можна ісьці, бо нікога няма, позна) і я ідзем па вуліцы да цэнтра Гальшанаў. Кальчугі зьвіняць бы ў нейкім сьне. Я не прадугледзела, што нам могуць сустрэцца людзі. І ведаеце, калі людзі (іх было ня так шмат)… Адна жанчына прыціснулася да плоту і давай жагнацца. Сусед мой (ён мяне ня бачыць за сьцяной гэтых рыцараў) спыніўся і ня ведае, ці ўперад яму ісьці, ці назад уцякаць. Ідзем далей. Падыходзім ужо пад кавярню, глядзім – дзеці нясуць малако аднекуль. Яны з крыкам і гіканьнем са страху рассыпаліся ў розныя бакі.

А потым я, ужо бачучы, якая рэакцыя ў люду, пайшла ў кавярню першая і кажу дзяўчатам, каб не палохаліся, бо гэта хлопцы ў камуфляжы, яны прыехалі на замчышча, маўляў, нічога страшнага. Але ўсё роўна, калі зайшлі рыцары, бразгаючы кальчугамі, дзяўчаты хуценька падыйшлі да касы і сталі сабой яе засланяць, баронячы.

Вось так пасьмяяўшыся зь імі, я разьвіталася і пайшла дамоў. Назаўтра пачуўся такі адгалосак. Нібыта, Гальшаны хтосьці захапіў. Хтосьці пераказаў уладам у райцэнтар, і вось міліцыя пачала пытацца, хто тут захапіў замак, як яны там разьмесьціліся, і як яны там апынуліся.

Вядома, тое, што я не папярэдзіла ўлады, гэта мая хіба. Калі я прыйшла на замчышча на наступны дзень, дык ужо ня ўбачыла сваіх новых знаёмых – іх папрасілі адтуль. Вось так былі захопленыя Гальшаны ў жніўні сёлета.

Часлава Акулевіч, Гальшаны
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org