RFE/RL |
Маё ўражаньне ад сустрэчаў з Забэйдам, хай мімалётных, у 60-х гадах, яшчэ
з часоў студэнцтва, асьпіранцтва, пакінула значны сьлед. Мяне цікавіла
і сама асоба музыканта-сьпевака, і прозьвішча незвычайнае – Забэйда-Суміцкі.
Чаму такое падвойнае прозьвішча?
Мы, тады яшчэ студэнты, мала ведалі і чулі пра Забэйду-Суміцкага, і нам неяк на лекцыі абвесьціў Іван Навуменка, што быў такі мастак песьні. Ён расказваў нам, што гэта славуты беларускі сьпявак, якога так любілі за цудоўнае выкананьне беларускіх песьняў. І раптам мы пачулі, што сам Забэйда-Суміцкі прыяжджае ў Менск. І аднойчы, ідучы ва ўнівэрсытэт, я сустрэў групу студэнтаў з малодшых курсаў, якія паведамілі: Забэйда дае канцэрт. Але дзе, мы ня ведалі. У Тэатры Янкі Купалы – няма, кажуць, мусіць, ў філярмоніі. Але мы ня былі б студэнтамі, калі б не знайшлі. І знайшлі мы Забэйду ў кансэрваторыі. Слухаючы яго песьні, непасрэдную, шчырую беларускую гаворку-споведзь – ён сам вёў канцэрты, не дазваляў нікому; ён расказваў пра сябе, пра песьню – мы трапілі ў палон яго песьні. Ён адразу быў паехаў па Беларусі, і мы з нецярплівасьцю чакалі ягонага вяртаньня і новага канцэрту. У той час мы былі ў Ракаве ў нашага лепшага сябра, у Славы Рагойшы, назьбіралі ў жытнім полі снапок валошак, прывезьлі ў Менск, перавязалі вышываным паяском. Потым мы, трое хлопцаў – я, Рагойша ды Пашкевіч – паднесьлі Забэйду гэтыя кветкі ды фатаграфію, якая была зробленая ў кансэрваторыі падчас першага канцэрту. Ёсьць у маім архіве паштоўка, якую я атрымаў 8.1.64 г., дзе ён шчыра дзякуе за віншаваньні, фатаграфіі, жадае нам многа-многа шчасьця ў новым, 1964 годзе, і вельмі будзе рады, калі сустрэнецца з намі на Радзіме. Леанід Акаловіч
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |