RFE/RL |
Некалькі дзён назад мне споўнілася 66 гадоў. Жыцьцё заўсёды, як цяпер,
як і раней, яно цікавае. Цяпер маю шмат часу, каб прагартаць гэтае жыцьцё
назад, паглядзець, што там са мной было самага цікавага.
Было шмат цікавага, амаль усё жыцьцё цікавае. Але ёсьць падарункі, які я атрымала за свае жыцьцё і нашу іх у сэрцы, якія асьвятляюць маю душу і робяць сёньня гэтае жыцьцё радасным і шчасьлівым. Іх тры. Першы такі падарунка я атрымала ад свайг дзеда, Александровіча … Леапольдавіча. Мне было тады 9 гадоў, і запомнілася мне гэта навечна, бо гэта быў вельмі радасны мой дзень. Быў студзень, была вайна, быў 43-ці год, былі партызаны, былі немцы, была ўся сям’я то там то там. Я жыла зь дзедам і бабуляй, яны мяне гадавалі, і на мой дзень нараджэньня дзед падарыў мне пацеркі. Ён асядлаў каня, зьезьдзіў у райцэнтар – мы жылі ў вёсцы каля майго Дзяржынска, Койданава называлася тады – і купіў мне жоўценькія, у белы прожылачак, такія прыгожыя пацеркі. Для мяне гэта было нават не матэрыяльна. Гэта было вялікае шчасьце. Я іх не надзявала на сябе, я іх насіла ў руках, я іх хавала…Я дагэтыль іх бачу. Гэта было 5 студзеня, а 13 студзеня немцы спалілі нашую вёску і спалілі майго дзеда. Згарэў дом, згарэлі мае пацеркі. Дагэтуль, калі я прыяжджаю на дзедаву магілу, калі я стаю каля таго месца, дзе быў наш дом – а ў нас быў прыгожы дом – мне хочацца раскапаць тое пажарышча, дзе яно было… Я яго і капала шмат разоў, каб занайсьці. Я думаю хоць адна там недзе ёсьць, і яны такія прыгожыя. І я так зараз сабе думаю, хто мяне больш за ўсё любіў, за ўсё жыцьцё?
Мне кожнага немца хочацца спытаць і цяпер – за што? Але гэта ўжо іншая справа. Ніна Адамчык
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |