RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 22 Cтудзеня 2001 Cтудзеня 2001

Сёньня



Пераезду Васіля Быкава ў Франкфурт прысьвечаны таксама артыкул у Frankfurter Rundschau “Не-эміграцыя”, які мае падзагаловак “Прытулак для беларускага пісьменьніка Васіля Быкава”.

Крыстоф Шрэдэр

Ён падкрэсьлена сьцьвярджае, што «не эміграваў, а проста прыехаў на запрашэньне». Беларускі пісьменьнік Васіль Быкаў пасьля іранскага публіцыста Фараджа Саркухі — другі аўтар, які жыве й працуе ў Франкфурце ў рамках праекту «Гарады прытулку», атрымаўшы запрашэньне ад Ведамства Мультыкультурных Справаў і Франкфурцкага Кніжнага Кірмашу.

Горад Франкфурт у 1998 годзе далучыўся да заснаванай Міжнародным Пісьменьніцкім Парлямэнтам сеткі гарадоў, што дагэтуль далі прытулак ужо пяцідзесяці аднаму пісьменьніку, якім у іхных краінах пагражае палітычны перасьлед. Апрача Франкфурту сярод нямецкіх гарадоў у гэтым праекце ўдзельнічаюць таксама Гановэр, Бэрлін і Ваймар.

Васіль Быкаў, народжаны ў 1924 годзе, пайшоў у 1941-м добраахвотнікам на фронт і ваяваў супраць нямецкіх акупантаў. Вайна — самы значны матыў яго шматлікіх апавяданьняў і раманаў, за якія летась ён быў намінаваны на атрыманьне Нобэлеўскай літаратурнай прэміі.

Пэрсанажы Быкава — «ня нейкія надпрыродныя героі, а звычайныя людзі, - сказаў падчас прэзэнтацыі Андрэас Кшыван, прадстаўнік «Палацу Ялта», дзе знайшоў прытулак пісьменьнік. Быкаў свайго часу рашуча падтрымаў рэформы Гарбачова і ў 1986 годзе быў абраны сябрам сакратарыяту Саюзу Пісьменьнікаў СССР.

Пасьля захопу ўлады ў Беларусі дыктатарам Аляксандрам Лукашэнкам, Быкаў удзельнічаў у апазыцыйным руху, аж пакуль для яго ня стала «фізычна і псыхічна» немагчымым заставацца ў краіне: «У Беларусі ўсталяваўся паліцыйны рэжым, які кажа «Не» ўсім правам чалавека».

Перш чым прыехаць у Франкфурт, Быкаў спачатку пражыў два гады ў Гельсынкі, дзе быў госьцем фінскага ПЭН-клюбу, а пасьля правёў год у замку Віпэрсдорф пад Бэрлінам. Прыехаўшы 15 студзеня ў Франкфурт, Быкаў найперш зьбіраецца скончыць тут распачаты ў Бэрліне аўтабіяграфічны раман. Не выключае аўтар і магчымасьці літаратурнага апісаньня свайго побыту ў Франкфурце.

Пераклаў

Сяргей Шупа


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org