border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


 Асаднік.

Асаднік- слова, утворанае ад паўночна-славянскага дзеяслову  " асаджвацца", пасяляцца. У польскай, чэскай, славацкай,       украінскай, верхне-лужыцкай мовах "асада" азначае пасяленьне, сядзібу, калонію. Асадніцтва менавіта як каланізацыя мае нэгатыўнае адценьне, паколькі яно заўсёды зьвязана зь нейкай         асыміляцыяй чужога, калі не захопам, дык прынамсі прыўлашчэньнем.

 У гісторыі Беларусі вядомае паняцьце " асадных" або "чыншавых сялян", у свой час за ваенныя заслугі, зямлю і шляхецкія званьні атрымоўвалі нават татары, але усё роўна не яны засталіся у      народнай памяці Беларусаў, як " асаднікі". Асаднікі -адметны фэномэн 20-га стагодзьдзя. Гэта вайсковыя і цывільныя каланісты, якіх у міжваенны перыяд польскі урад перасяляў з цэнтральных раёнаў краіны у заходнюю Беларусь і Украіну.

"Асадніцтва" пачалося на аснове закону са сьнежня 20-га году пра надзяленьне зямлёю жаўнераў, якія асабліва вызначыліся у вайне супраць бальшавікоў. Асаднікаў надзялялі участкамі зямлі па некалькі дзесяткаў гэктараў і пасялялі пераважна уздоўж савецка-польскай мяжы. Яны былі у асноўным узброеныя, аб'ядноўваліся ў "Саюз былых абаронцаў усходніх ускраін", выконвалі паліцэйскія, адміністратыўныя і антыдэвэрсыйныя функцыі. Усяго, у заходняй Беларусі " асаджана" каля 9-ці тысяч такіх каланістаў разам з семьямі. Мэта гэтай акцыі - зьмяніць этнічны склад насельніцтва у памежных раёнах, паланізаваць мясцовых Беларусаў, адгарадзіцца ад Савецкага Саюзу надзейнай сьцяной карэнных палякаў.

Для Беларуса- " асаднік" нагадвае "рассаднік",  і пры тым не рассаднік блакітнавокай, роднай валошкі, але калючага пустазельля -чартапалоху.

Кастусь Бандарук.
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org