news programs realaudio contact archive
      Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Gaudeamus
    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Шматмоўе ў ХХІ ст.
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Спорт
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



2 Студзеня 2001
 
Абяцанкі-цацанкі ў кватэрным пытаньні...
У нашай праграме:
— беларускім алімпійцам не даюць абяцаныя кватэры,
— ці можна пражыць толькі шахматамі і
— хто лепшы футбаліст стагодьдзя.
 
Віталь Цыганкоў
 
(Цыганкоў: ) "Беларускія спартоўцы адчулі, чаго вартыя абяцаньні цяперашняга кіраўніцтва краіны. Ніхто, як кажуць, “не цягнуў за язык” прэзыдэнта НАКу Аляксандра Лукашэнку, калі напярэдадні Алімпіяды ў Сыднэі ён паабяцаў будучым прызэрам ня толькі грашовыя прэміі, але й кватэры ў адмысловым Алімпійскім доме. Пры гэтым, аніякае спасылкі на цяперашнія жыльлёвыя ўмовы кандыдатаў не рабілася — маўляў, усе алімпійскія героі вартыя аднолькавае пашаны. Цяпер аказваецца, што кватэрнае пытаньне будзе вырашацца выбарча.

З падрабязнасьцямі Ігар Карней…"

(Карней: ) "Яшчэ напярэдадні Алімпіяды кіраўнікі беларускае дэлегацыі заяўлялі: мы бяром з сабою 20 ключоў ад новых кватэраў, а вы пазмагайцеся за мэдалі. 21 чалавек (улічваючы жаночую шасьцёрку ў мастацкай гімнастыцы) заклік пачулі — на іхным рахунку 17 мэдалёў рознае вартасьці. Ня выканалі свайго абяцаньня толькі чыноўнікі: ніводзін з ключоў гэтак і не патрапіў да патэнцыйных уладальнікаў.

Цягам трох месяцаў падманутыя спартоўцы спрабуюць высьветліць, навошта была гэткая рэкляма ў духу фінансавых пірамідаў. Пасьля шэрагу хаджэньняў у “вярхі” спартовыя чыноўнікі прапанавалі крыху іншы варыянт вырашэньня кватэрнага пытаньня: за “золата” кватэра бясплатна, за другое і трэцяе месцы — 20% й 30% аплата ад рэальнага кошту. Калі людзі згадзіліся й на гэта, атрымаўся чарговы казус: некім было вырашана, што кватэры трэба даваць толькі тым, хто ў гэтым мае патрэбу, і тое — пры ўмове аплаты 20% кошту, дазволенага Жыльлёвым кодэксам. Усё, што будзе перавышаць рэглямэнтаваныя 15м2 на чалавека, мусіць аплочвацца паводле рыначных коштаў.

Напрыклад, трохпакаёвая кватэра дужавіка "грэка-рымскага" стылю Дзябелкі, які быў вымушаны йсьці на любыя драпежніцкія ўмовы з-за таго, што не было дзе жыць, абыйшлася яму ў 16 тысячаў даляраў. Як ён сам распавёў, што засталося ад алімпійскага ганарару (а гэта 22 тысячаў), пайшло на сьцены ды іхны рамонт. Але й гэта толькі палова бяды: спартоўцы з нармалёвымі ўмовамі йснаваньня перасталі разглядацца ў якасьці нават прэтэндэнтаў на алімпійскае жытло.

Ці ёсьць нейкія шанцы адваяваць заслужонае, я пацікавіўся ў срэбнае прызэркі Алімпіяды Тацьцяны Бялан…"

(Бялан: ) "Па-мойму, становішча безвыходнае. Я гэтым нават не займаюся, туды за праўдаю мой тата ходзіць. Кватэра, канешне, мне патрэбна, але мы ўжо атрымалі афіцыйную адмову за подпісам віцэ-прэзыдэнта НАК Аляксеенкі. Усё матывуецца тым, што ў мяне паводле Жыльлёвага кодэксу шэсьць мэтраў залішніх".

(Карней: ) "Само сабою, ужо не ўяўлялі ніякае цікавасьці тыя, хто добрым вынікам на Алімпіядзе меўся крыху пашырыць свае сьціплыя "харомы". Як, напрыклад, снайпэр Мартынаў. Два пакоі на чацьвярых, на думку спартовых чыноўнікаў, дастаткова дзеля непераборлівага існаваньня. З падобнай навалаю сустрэўся і дзюдаіст Анатоль Ларукоў. Тры пасьляалімпійскія месяцы ён вымушаны быў прысьвячаць не трэніроўкам, а зьбіраньню даведак пра сямейны стан. Права на кватэру было пастаўленае пад сумнеў тым, што Ларукоў — расеец. Але пра гэта чамусьці ніколі не ўзгадвалася, калі на дужавіка ўскладаліся вялікія спадзевы пад час галоўных стартаў чатырохгодзьдзя. Між іншым, сям'я Ларукова па-ранейшаму жыве ва Ўладзікаўказе, а сам Анатоль раз на месяц вымушаны траціць па сто даляраў на авіяквіток, каб пабачыць жонку й дзяцей. Дарэчы, у Менску ён "раскватараваны" ў сваіх трэнэраў — братоў Рамазанавых.

Між іншым, ледзь ня кожны дзень у сумна знакамітым Алімпійскім доме (які дарэчы, вытрыманы ў горшых архітэктурных традыцыях савецкага часу), спраўляюцца ўлазіны. Спартовыя чыноўнікі, журналісты БТ, функцыянэры Міністэрства спорту ды проста патрэбныя людзі атрымліваюць перахопленыя ў алімпійцаў ключы. Такія правілы гульні забаронены ва ўсім сьвеце. У нас яны культывуюцца здаўна".

* * *
(Цыганкоў: ) "У гэтыя дні праходзіць фінальны матч за тытул чэмпіёна сьвету ў шахматах паводле вэрсіі ФІДЭ. Індыйскі гросмайстар Вішванатан Ананд выйграе ў прадстаўніка Гішпаніі Аляксея Шырава, і хутчэй за ўсё, стане новым уладальнікам шахматнае кароны ФІДЭ. Нагадаем, што ў пачатку лістапада Ўладзімер Крамнік абгуляў Гары Каспарава і стаў чэмпіёнам сьвету паводле вэрсіі іншае структуры — ПША — Прафэсійнай шахматнай асацыяцыі. У шахматах прыходзіць новае пакаленьне чэмпіёнаў.

Гэтыя падзеі даюць нам падставу паразважаць пра тэндэнцыі ў разьвіцьці ўсясьветных ды беларускіх шахматаў. Нашым суразмоўцам стане, бадай, самы знакаміты й папулярны беларускі гросмайстар Віктар Купрэйчык. І першае пытаньне — як спадар Купрэйчык ацэньвае сёньняшні стан беларускіх шахматаў у параўнаньні з ранейшымі гадамі?"

(Купрэйчык: ) "Ніякіх вялікіх зьменаў не адбылося. Шахматы разьвіваюцца дастаткова нядрэнна, я лічу. Проста адбываецца зьмена пакаленьняў, зьмена імёнаў у беларускіх шахматах. А так — усё йдзе, на маю думку, нармальна".

(Цыганкоў: ) "Надоечы ў Турцыі прайшла камандная шахматная Алімпіяда. Беларуская каманда заняла 32 месца, хаця перад Алімпіядаю мела 18-ты рэйтынг. Віктар Купрэйчык, аднак, нязгодны лічыць гэты выступ правалам, хаця й прызнае, што беларусы выступілі трошкі ніжэй за свае магчымасьці. Іншая справа, што ўдзел беларускіх шахматыстаў у Алімпіядзе суправаджаўся пэўнымі раздорамі й звадкамі, якія потым выпляснуліся на старонкі спартовае прэсы. Шахматысты, якія не патрапілі ў зборную, абвінавачвалі сваіх калегаў у інтрыгах і нясправядлівасьці".

(Купрэйчык: ) "Што тычыцца таго, што вышла на старонкі газэтаў, дык гэта справа мяйсцовага значэньня. Каманда была нармальная. Хутчэй за ўсё, проста камусьці пасьля выступу было выгодна нагнятаць атмасфэру. Запэўніваю вас, і можаце спытаць іншых удзельнікаў каманды, што ўсё ў нас было ў парадку".

(Цыганкоў: ) "Як бачым, Віктар Купрэйчык ня вельмі ахвотны разьвіваць гэтую скандальную тэму. Але адну акалічнасьць я ня мог абмінуць. Беларускі гросмайстар Юры Зязюлькін, які зараз жыве ў Польшчы, на старонках газэты “Спортивная панорама” абвінаваціў некаторых вядучых беларускіх шахматыстаў у тым, што яны выціскалі за межы краіны Барыса Гельфанда ды Ілью Сьмірына. Як вядома, зараз гросмайстры Гельфанд і Сьмірын выступаюць за зборную Ізраіля. Вось што кажа з гэтае нагоды Віктар Купрэйчык…"

(Купрэйчык: ) "Колькі зьехала шахматыстаў з былога Савецкага Саюза — гэта цяжка падлічыць. Зь Беларусі можа зьехала менш чым зь іншых рэспублік. Кожны чалавек выбірае, дзе яму лягчэй. Што ж тычыцца таго, што кагосьці выціснулі зь Беларусі, паверце, гэта чыста хлусьня.

З шахматыстамі, якія зьехалі, я часта сустракаюся за мяжою — і ня толькі зь беларускімі. Ніякіх ідэйных меркаваньняў і выцісьненьняў там не было. Проста чалавек лічыць, што яму там лепш. Ён можа там больш зарабіць, забясьпечыць больш надзейныя ўмовы жыцьця — гэта ягонае права".

(Цыганкоў: ) "А ўвогуле, ці магчыма сёньня здабываць сабе на жыцьцё прафэсійна толькі шахматамі, якія, дарэчы, нядаўна былі прызнаны алімпійскім відам спорту? Ці вымушаныя шахматысты мець іншыя прафэсіі і крыніцы даходаў. Адказвае Віктар Купрэйчык…"

(Купрэйчык: ) "Ведаеце, хаця шахматы і адзін з самых папулярных відаў спорту, (дастаткова сказаць, што Фэдэрацыя аб’ядноўвае 156 краінаў), але пражыць за кошт шахматаў, гуляючы ў шахматы — практычна немагчыма. І ня толькі ў постсавецкіх краінах, але й на Захадзе. Наколькі я ведаю, у кожнай краіне ёсьць толькі некалькі выбраных прафэсіяналаў, якія могуць сабе дазволіць займацца толькі шахматамі. Праўда, на Захадзе ёсьць сыстэма клюбаў, якая дазваляе прафэсійна падтрымліваць жыцьцёвыя стандарты. Але жыць толькі за кошт прызоў — гэта ў сучасным шахматным сьвеце ўдаецца толькі каля 20 шахматыстам…

Для кожнага па-рознаму. Многія супрацоўнічаюць у шахматных выданьнях, хто дае прыватныя ўрокі… А ў нас у Беларусі дзяржава падтрымлівае ўзровень зборнае каманды, як і ў іншых алімпійскіх відах спорту. Дзяржава ўкладае грошы ў падтрымку асноўных гульцоў. Што тычыцца астатніх — як у нас, гэтак і ў сьвеце, дык, практычна, шахматы — гэта спорт на аматарскай аснове".

(Цыганкоў: ) "Гэтак лічыць славуты беларускі шахматыст гросмайстар Віктар Купрэйчык. Сапраўды, шахматы — унікальны від спорту й мастацтва, пра які можна гаварыць бясконца. На заканчэньне гэтага матэрыялу выкажу спадзяваньне, што шахматы па-раенейшаму застануцца папулярнымі ў Беларусі.

* * *
І закончым сёньняшнюю праграму развагамі над тым, хто ж ёсьць лепшым футбалістам XX стагодзьдзя.

Нашыя слухачы, напэўна, ужо чулі, што міжнародная Футбольная Фэдэрацыя (ФІФА) нядаўна правяла адпаведную цырымонію, на якой назвала лепшымі футбалістамі стагодзьдзя адразу двух асобаў — бразільца Пеле і аргэнтынца Дыегу Марадону. Марадона перамог паводле апытаньня, праведзенага ФІФА ў інтэрнэце, дзе ён атрымаў 53%, а Пеле был выбраны адмыслоўцамі — кіраўнікамі ўсясьветнага футболу, журналістамі й трэнэрамі.

Увогуле, зразумела, што падобныя рэйтынгі й вызначэньні — вельмі адносная рэч. Як можна параўнаць, напрыклад, Леанарда да Вінчы й Сальвадора Далі, Баха й “Beatles”, Гамэра й Сартра? Тое ж самае — Пеле й Марадона. Гэтыя геніі мяча тварылі ў вельмі розныя футбольныя эпохі. У 50-я, калі пачынаў блістаць Пеле, савецкі футбаліст Усевалад Баброў, напрыклад, адначасова гуляў за зборную краіны ў футболе й хакеі. Спорт быў яшчэ дастаткова аматарскім заняткам, і гэткая раздвоенасьць была магчымая. Зусім іншая справа — 80-я, гады росквіту Марадоны. Спорт стаў татальнай справаю ў жыцьці атлетаў, якая цалакам выціскае ягоныя фізычныя і маральныя сілы.

Я ня бачыў ужывую, як гуляе Пеле, але глядзеў неаднаразова знакаміты фільм пра ягонае майстэрства, іншыя кадры футбольнае хронікі зь ягоным удзелам. Вось Пеле перакідвае верхам мяч праз абаронцу, чакае, пакуль мяч апускаецца й забівае гол. Усё гэта, вядома ж, прыгожа, але мяне не пакідае ўражаньне, што ў наш час, напрыклад, у Італьянскай футбольнай Лізе ніякі абаронца на дазволіў бы правесьці падобныя фінты. А менавіта там, у італьянскай Лізе, Марадона станавіўся лепшым забівалаю ў чэмпіянаце, і прыводзіў сваю сярэднюю дагэтуль каманду “Напалі” да чэмпіёнскага тытулу.

Як вы ўжо здагадваецеся, я аддаю перавагу Марадоне. Пеле быў самай яркай зоркаю ў фантастычнай пляядзе бразільцаў, якія тады былі на галаву вышэй за астатніх, Марадона ж фактычна адзін прыводзіў свае каманды да перамогі. Пеле быў футбалістам аднаго амплуа — забіваў галы на вастрые атакі, Марадона ж умеў таксама аддаваць пасы. У фінальным матчы першынства сьвету 86-га году, калі аргэнтынцы выйгралі 3:2 у немцаў, Марадона сам не забіваў галоў, але ўсе тры галы былі забітыя зь ягоных пасоў. Таму я выбіраю Марадону".


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.