|
Каляды на чужыне |
|
|
Ганна Сурмач, Прага |
|
Удзельнікі: Аліна Бельская (Фінляндыя), Віктар Кавалеўскі (Аўстралія), Валянціна Пархоменка, Вольга і Алесь Казакі (ЗША), Галіна Арцёменка (Нямеччына).
Каляды – сямейнае сьвята. Кожнаму ў гэты час хочацца быць побач са сваімі роднымі і блізкімі, у сваёй краіне, дзе нарадзіўся і вырас, зь якою зьвязаны ўсім сваім жыцьцём. Аднак, шмат хто зь беларусаў ня мае такой магчымасьці, бо знаходзіцца сёньня па-за межамі Бацькаўшчыны. Каляды на чужыне, як пачуваецца эмігрантам у гэтыя сьвяточныя дні? Як выглядаюць калядныя сьвяты ў іншых народаў, сярод якіх даводзіцца жыць беларусам? Пра гэта – у чарговым выпуску перадачы “Беларускае замежжа”.
На пачатку мы запрасілі да размовы беларуску з паўночнай краіны, дзе, як лічыцца, жыве сам Санта Клаўс, ці Дзед Мароз. Вітаем Аліну Бельскую з Гельсынкаў. Яна сустракае там ужо шостыя Каляды. Сп. Аліна, як у Фінляндыі сьвяткуюць Дзень Хрыстовага нараджэньня, якія існуюць традыцыі?
(Бельская: ) “Каляды ў Фінляндыі пачынаюцца недзе за два месяцы. Усё пачынаецца з “маленькіх Калядаў”, як яны іх называюць. Гэта такія вечарыны, людзі да сябе запрашаюць, ці на працоўным месцы арганізоўваюць. Пьюць глінтвэйны зь пернікамі – гэта традыцыйны фінскі калядны пачастунак.
Ялінкі звычайна ставяць 24 сьнежня. 24 сьнежня абавязкова ўсе ідуць на могілкі і ставяць сьвечкі, звычайна на магілкі бацькоў. Пасьля ў 19 гадзін у царкве пачынаецца імша. Фінляндыя на 80 адсоткаў пратэстанцкая краіна. Служба доўжыцца каля гадзіны, усе сьпяваюць. Пасьля сядаюць за стол”.
Што традыцыйна бывае на сьвяточным стале?
(Бельская: ) “У Фінляндыі ёсьць чатыры, як я налічыла, традыцыйныя калядныя стравы. Вяндліна, а да яе – нешта падобнае да пюрэ, яно запякаецца ў духоўцы. Гэтае пюрэ робяць трох гатункаў – з бульбы, з морквы і з рэпы. Гэтыя чатыры стравы абавязкова заўсёды прысутнічаюць на калядным стале. Ёсьць таксама рыба – ласось у розных выглядах і ікра з цыбуляю.
Звычайна вячэра канчаецца недзе каля поўначы, пасьля ўсе атрымліваюць падарункі. А потым – як дзе. Там, дзе я жыву, у нас такая традыцыя, што на Каляды адзін аднаму дораць шмат кніжак. Пасьля ўсе разыходзяцца па сваіх пакоях чытаць новыя кніжкі. Фінляндыя, здаецца, самая чытаючая краіна ў сьвеце. У кожным доме, які я наведвала за гэтыя гады, усюды былі даволі вялікія бібліятэкі”.
Аліна, як выглядаюць у гэтыя сьвяточныя дні Гельсынкі, што там ёсьць адметнага?
(Бельская: ) “У Гельсынках на цэнтральнай плошчы стаіць вялікая яліна з зоркамі і ліхтарыкамі. Звычайна 1 сьнежня у горадзе адчыняюць Калядную вуліцу. Вітрыны крамаў упрыгожваюць. Самая вялікая крама "Стокман" кожны год мяняе калядную вітрыну, кожны раз нейкая новая тэма, у гэтым годзе – гномы. Кожны год у галоўным саборы арганізоўваецца выстава "Бэтлеемаў" з розных краінаў.
Фінляндыя мае дзьве традыцыі – фінскую і швэдзкую. Швэдзкая – гэта Люсія. Люсія – дзяўчына, якая прыносіць сьвятло. Яе абіраюць раз у год са швэдзкай меншасьці, пасьля яна аб'яжджае ўсю Фінляндыю з падарункамі, гэта дабрачынная акцыя. Санта Клаус таксама ёсьць, Санта Клаўс, як вядома, жыве ў Фінляндыі, за палярным колам”.
Сп. Аліна, што б Вы хацелі пажадаць сваім суродзічам?
(Бельская: ) “Беларусам, якія жывуць на чужыне і хто застаўся на Бацькаўшчыне, я б пажадала любові і добрых адносінаў, аптымізму, веры і надзеі, каб гэтае сьвята аб'ядноўвала і злучала ўсіх нас. А таксама, у тых краінах, дзе гэта магчыма, сьнежных Калядаў, бо ў Беларусі мы прызвычаіліся сьвяткаваць сьнежныя Каляды”.
Гэтае пажаданьне сп. Аліны Бельскай відавочна ня спраўдзіцца для беларусаў, якія жывуць у Аўстраліі. Каляды там прыпадаюць якраз на пік летняй сьпёкі. Паслухаем Віктара Кавалеўскага з Адэляйды.
(Кавалеўскі: ) “Пад 40 градусаў, да нас прыйшлі субтропікі, такая парылаўка, тут дажджу няма доўгі час, калі і выпадзе, то гэтыя кроплі зноў ператвараюцца ў пару. Горача, вельмі горача бывае на Каляды. Калі пражывеш тут 10-12 гадоў, то прывыкаеш”.
Сп. Віктар, Вы жывеце там ужо 12 гадоў, ці памятае Вы свае першыя Каляды ў Аўстраліі?
(Кавалеўскі: ) “Першыя Каляды, адныя зь першых. Мы прыехалі ў 1992 годзе, жылі ў гарах, 50-60 км. ад Адэляйды. Праз паўтара году мы перабраліся ў Адэляйду і знайшлі нашу беларускую царкву, тады нас уразіла, як там сьпявалі калядкі. Ведаеце, на іконах нашыя рушнікі беларускія віселі. Гэта закранула да самай глыбіні душы. Такое было наша першае ўражаньне ад Калядаў.
Дома, якія там Каляды былі, ялінку ставілі. Такіх вось беларускіх Калядаў там ніхто не рабіў. А тут мы адчулі, менавіта, праз нашую царкву, што як бы дакранаешся да свайго ў гэты час. Царква, я думаю, самае галоўнае, у гэты час людзі зьбіраюцца у царкве. У бальшыні Аўстралія – каталіцкая краіна”.
Якія калядныя традыцыі ў Аўстраліі, ці ставяць таксама ялінкі?
(Кавалеўскі: ) “На бензазапраўках прадаюць ялінкі, жывыя. Гэта сямейнае сьвята, зьбіраецца ўся сям'я. У гэты дзень людзі едуць адкуль толькі можна, каб прыехаць да сваіх бацькоў, зьбіраюцца за сталом.
Аўстралійцы купляюць вельмі дарагія падарункі да сьвята. Многія, хто ня маюць вялікіх грошай, адчыняюць спэцыяльны рахунак у банку і зьбіраюць цэлы год грошы, каб купіць падарункі на сям'ю. Наш банк, напрыклад, прапануе адчыніць рахунак, каб адлічваць частку грошай з заработнай платы і потым выдаткаваць іх на падарункі”.
Якія стравы можна ўбачыць на сьвяточным стале аўстралійцаў?
(Кавалеўскі: ) “Крэветкі купляюць, салаты робяць, бульба заўсёды ёсьць на стале, яны бульбу ўжываюць, як і мы. Індыка гатуюць, гэта традыцыйна, піва, чырвонае віно. Бутэлька добрага віна вельмі танна тут каштуе – недзе 7-8 даляраў, самае лепшае 15-20 даляраў”.
Гэты час ў Аўстраліі – сэзон летняга адпачынку, шмат хто ў гэтыя дні едзе на акіянскае ўзьбярэжжа. Наш суразмоўца таксама зьбіраецца сьвяткаваць Каляды на пляжы.
(Кавалеўскі: ) “Я маю невялікі аўтобус, і мы выяжджаем на ўзьбярэжжа. Там можна пад'ехаць да самага мора, там ёсьць кэмпінг, будзем адпачываць. Я бяру сваіх дзяцей, мы маем намёты”.
А цяпер завітаем да беларусаў у Амэрыцы.
У невялікім мястэчку, што паўтары гадзіны язды ад Нью-Ёрку, жыве цяпер сям’я вядомых беларускіх сьпевакоў– Валянціна Пархоменка і Алесь Казак. Яны сустракаюць у Амэрыцы свае 12-я Каляды, але трымаюцца там беларускіх традыцый і больш таго – прапагандуюць іх сярод мясцовага жыхарства. Вось што распавяла нам сп. Валянціна.
(Пархоменка: ) “Учора мы мелі выступленьне тут недалёка ад нас. Амэрыканцы ў гэты час вельмі шмат ладзяць усялякіх вечарынаў. У нас было там выступленьне. Віншавалі іх з Калядамі. Але мы ладзілі праграму больш па-беларуску. Мы прынясьлі вышыванкі, апранулі свае нацыянальныя касьцюмы. Рэпэртуар быў розны, але таксама мы троху распавядалі пра Беларусь, пра нашыя звычаі, каб пазнаёміць іх з нашай культурай. Цікавасьць была вельмі вялікая, посьпех быў, ніхто не хацеў разыходзіцца.
10 студзеня у нас будзе канцэрт у Бруклінскім музэі. Перад гэтым, на нашыя Каляды, мы таксама будзем мець выступленьне. Пад час Калядаў заўсёды шмат запросінаў маем на выступленьні, нас ужо добра ведаюць”.
Пра свае першыя Каляды на чужыне сп. Валянціна ўспамінае з прыемнасьцю, бо сьвяткавалі яны разам зь беларускай грамадою ў Нью-Джэрзі.
(Пархоменка: ) “Я прыпамінаю, у нашай царкве, у беларускай у Нью-Брансьвіку. Мы выступалі перад беларусамі, пазнаёміліся зь людзьмі. Было вельмі прыемна, што існуе ў людзей вера ў Бога і нашыя звычаі, што яны шануюць гэтыя звычаі, сьпяваюць песьні, зьбіраюцца разам і стараюцца быць разам. Была прыгожая служба ў царкве, а пасьля гэтага ладзілі Куцьцю. Было 12 страваў на стале, без мяса – рыба, варэнікі, селядзец, чырвоны боршч. Было вельмі прыемна быць разам, пасьля сьпявалі разам калядкі”.
Сп. Валянціна, а як амэрыканцы сьвяткуюць Каляды?
(Пархоменка: ) “Амэрыканцы вельмі сьвяткуюць. Гэтае сьвята зрабілася ўжо ня столькі рэлігійным, колькі бізнэсовым.Усе бегаюць па крамах, каб нешта купіць, каб падарункі зрабіць, трацяць шмат грошай. Цудоўна, усюды ілюмінацыя, уся Амэрыка зіхаціць падчас Калядаў. І мы таксама гэта робім, павесілі лямпачкі. На Калядны вечар у іх індык. У нас мусіць быць 12 страваў, але ня мусіць быць ніякага мяса”.
Сп. Валянціна, вы зь сям’ёю, пэўна, ужо дастаткова адаптаваліся ў Амэрыцы. Але падчас сьвятаў як усё ж вам пачуваецца, як эмігрантам?
(Пархоменка: ) “Ведаеце, заўсёды гэтыя сьвяты вельмі прыемныя, прыемнае пачуцьцё, што сьвята прыходзіць. Але падчас сьвята больш успамінаеш той куточак, дзе ты нарадзіўся. Думкамі заўсёды ты ляціш у Беларусь. Я думаю, што гэта ня толькі да мяне і маёй сям'і, але і ў іншых такое. Кожны ўспамінае сваё дзяцінства, сваю сям'ю”.
Сп. Валянціна, мне асабіста і, думаю, многім нашым слухачам таксама знаёмае гэтае пачуцьцё. Хочацца папрасіць Вас прасьпяваць беларускую калядку. Калі ласка.
(Пархоменка: ) Сьпявае калядку “А ўчора зь вячора”.
Сп. Валянціна, хто гэта засьпяваў з Вамі?
(Пархоменка: ) “Якраз Алесь і Воля падскочылі да мяне і засьпявалі. Воля якраз прыехала дадому на канікулы”.
Дачка Валянціны і Алеся Вольга пакінула Беларусь яшчэ малой дзяўчынкай, цяпер яна студэнтка, вучыцца на журналістку.
(Вольга Казак: ) " Хачу павіншаваць усіх у Беларусі з Калядамі і з Новым годам. У нашым сэрцы Беларусь заўсёды жыве, і мы ніколі не забываем тое цяпло і тыя часы, якія мы правялі там, для нас – гэта наш дом назаўсёды".
Валянціна і Алесь таксама былі радыя магчымасьці павіншаваць нашых слухачоў са сьвятамі.
(Пархоменка: ) “Усім знаёмым, блізкім, усім, каго ведаем і не ведаем усіх віншуем з Калядамі і шлем найлепшыя пажаданьні – здароўя, шчасьця, посьпехаў. З Новым годам, каб было ўсё добра, гладка! Тым, хто на чужыне – тыя самыя пажаданьні, бо на чужыне патрэбна ўсё тое ж самае, а яшчэ, каб заўсёды маглі быць сярод сваіх людзей”.
(Алесь Казак: ) "Я хачу дадаць некалькі слоў, бо мае дзяўчаты ўжо ўсё сказалі. Я б хацеў яшчэ пажадаць усім беларусам, якія жывуць у Празе, якія жывуць у Беларусі моцнага здароўя, прыгажосьці, весялосьці. Мне амаль што кожную ноч сьніцца Беларусь – быццам я хаджу па Менску, прыязджаю ў сваю вёску, Мне ўжо трэба, я думаю, туды ехаць”.
Вернемся ў Эўропу. У Нямеччыне сям’я новых эмігрантаў зь Беларусі Яўгена Мурашкі і Галіны Арцёменкі рыхтуецца сустракаць сьвята, за сталом зьбяруцца 8 чалавек, так што гасьціна будзе вялікая. Гаспадыня дому, сп. Галіна ўжо другі раз адзначае Каляды на чужыне. Сп. Галіна, як выглядае перадсьвяточная Нямеччына?
(Арцёменка: ) “У краіне перад сьвятам ідуць вялікія зьніжкі цэнаў практычна на ўсе тавары, на 50 адсоткаў і на больш. Людзі купляюць падарункі. Тут калядныя канікулы вялікія, шмат хто едзе некуды паправіць здароўе, на мора, на сонейка, а нехта ў горы едзе на лыжах езьдзіць. Вельмі ўпрыгожваецца ўсё кругом, гарады і вёскі, кожны дом,
дрэвы ўпрыгожаныя, крамы ўсе. Тут ставяцца такія вялікія палаткі, куды прыходзяць людзі, прадаюцца стравы, піва. Іх вельмі шмат паўсюль, людзі прыходзяць і сьвяткуюць цэлы дзень. У дамах ставяць ялінкі, пры ўваходзе ў дом вяночкі зь ялінак вешаюць, кветкамі ўпрыгожаныя, гэта абавязкова”.
Што абавязкова павінна быць на калядным сьвяточным стале ў нямецкай сям’і?
(Арцёменка: ) “Гусь, індык, на сьвяточны стол абавязкова ставяць і вельмі шмат другіх страваў. А мы па-свойму, па-беларуску. Мы будзем у гэтым годзе сьвяткаваць сваёй сям'ёй. Будзем стравы сьвяточныя гатаваць, але гэта будуць нашыя беларускія стравы. У нас заўсёды на Каляды абавязкова павінен быць студзень, бульба тушаная, пячэм булкі беларускія”.
Выглядае, што пры такім стале ваша сям’я будзе пачувацца на Каляды, як дома?
(Арцёменка: ) “Не, не, гэта не Каляды дома, ёсьць сум па дому, сум па сябрах, блізкіх, родных. Я скажу, што ў такія дні, у такія сьвяты, канешне, адчуваецца большы смутак, больш горычы, што ты ня дома, што не з усімі роднымі, хаця, праўда, родных там пасьля Чарнобылю вельмі мала засталося.
Сумуеш па дому, па сваіх традыцыях. У беларусаў вельмі прыгожыя традыцыі сьвяткаваньня Калядаў. Вельмі шкада, што гэтыя традыцыі забываюцца”.
Сп. Галіна таксама выказала ад сваёй сям’і сьвяточныя пажаданьні нашым слухачам.
(Арцёменка: ) “Жадаем усім, усім добра правесьці гэтыя сьвяты, адзначыць Каляды па традыцыі, даўняй традыцыі беларусаў, бо ў гэтай традыцыі закладзеная вялікая сіла духу. Яна адганяе сум, цяжкія думкі, яна дае добры настрой. Гэтыя традыцыі трэба вельмі захоўваць, бо калі народ беларускі іх згубіць, то ён згубіць і сябе. У яго ня будзе сьвята, унутры сьвята ня будзе, вясёлага добрага духу не будзе, энтузіязму не будзе і Боскага спрыяньня таксама”. |
|
|
|
 |