|
|
2 Ліпеня 2002
|
“Дванаццатка”: хлусьня і рэальнасьць |
|
|
Ганна Сурмач, Прага |
|
Удзельнікі: Янка Запруднік, Янка Жучка, Цімох Вострыкаў, Васіль Шчэцька, Паўла Ўрбан
18 сьнежня 1997 году газэта “Советская Белоруссия” апублікавла артыкул Міхася Токарава да 80-га юбілею КГБ. Аўтар распавядаў пра шпіёнскую арганізацыю беларускіх нацыяналістаў “Комитет двенадцати”, якую чэкісты быццам раскрылі ў замежжы ў 1950-я гады. Нядаўна ў Беластоку выйшла кніга пра “Дванаццатку” вядомага беларускага дзеяча ў ЗША Янкі Запрудніка, які быў некалі адным з сяброў гурту.
Гаворыць Янка Запруднік:
(Запруднік: ) “Мы ніякага дачыненьня ня мелі да таго, у чым газэта “Советская Белоруссия” нас абвінавачвае. Там у газэце сказана так: “Поначалу их было двенадцать, примерно одного возраста и положения. Образовали свою группу, назвали её “Комитет двенадцати”, сфотографировались на память. Были среди этих двенадцати и бывшие полицаи, были и вербовщики американской разведки, помощники Рагули” і г.д. Я кажу тут: “Вось куды мы трапілі”. Можна сказаць, што Токараў – аўтар гэтага артыкула, “чуў звон, ды ня ведае, дзе ён”.
А што ж было на самрэч? Пра гэта мы размаўляем зь сябрамі “Дванаццаткі”. На сёньня іх засталося пяцёра, вы пачуеце галасы ўсіх – Янкі Запрудніка і Васіля Шчэцькі са Злучаных Штатаў Амэрыкі, Янкі Жучкі з Бэльгіі, Паўла Урбана зь Нямеччыны і Цімоха Вострыкава зь Беларусі.
(Запруднік: ) “Гісторыя гэта такая – крыху драматычная, крыху дынамічная, крыху рамантычная. Вецер вайны нас выдзьмухнуў зь Беларусі на Захад Мы былі маладымі энтузіястамі беларускай справы, летуцелі здабыць вышэйшую асьвету. Прыйшоў час расказаць з рэтраспэктывы чалавека, якому 75 гадоў, маладым, сучасным аднагодкам нас таго часу, што думалі, чаго жадалі мы тады, за што змагаліся. 500 старонак кнігі даюць даволі поўны вобраз “Дванаццаткі”.
“Дванаццатка” – гэта група беларускіх хлопцаў, якія пазнаёміліся ў большасьці між сабою ў лягерах дэпартаваных асобаў у Нямеччыне – Рэгенсбургу і Міхельсдорфе. Яны належалі да нацыянальна сьведамай моладзі, якая мела свае ідэалы, і гэта трымала іх на чужыне.
(Запруднік: ) “У жыцьці патрэбная нейкая высокая, вялікая мэта. І калі ты ідзеш да гэтай мэты, ідзеш да тае зоркі пуцяводнай, тады жыцьцё набывае сэнс і набывае пэўную структурнасьць, ты ведаеш, чым заняцца.
Мы былі абсалютна перакананыя, захопленыя ідэяй служэньня Беларусі ў справе Адраджэньня. Пасьля ўжо, як мы пасталелі крыху і заангажаваліся ў палітычную работу, мы заўсёды ішлі ў гэтым самым накірунку, з гэтай думкаю пра Беларусь. І тады не было ніякай праблемы – што выбіраць, чым заняцца.
Мы далі рады ўтрымацца разам, будучы без бацькоў у чужых краінах, ня ведаючы моваў, ня маючы ніякіх фінансавых рэсурсаў, нам удалося прайсьці праз кавалак жыцьця разам і дабіцца таго, чаго мы хацелі”.
Гуртаваньне давала ім сілу, бо на чужыне хлопцы апынуліся яшчэ зусім маладымі, мелі недзе блізка па 17 гадоў і былі самотнымі, а Ўладзімер Цьвірка нават быў круглым сіратою. Гаворыць Янка Жучка:
(Жучка: ) “Амаль ва ўсіх нас з дванаццаці нікога не было, ніякіх родных, мы былі сапраўды сіротамі, бацькі і родныя заставаліся на Бацькаўшчыне, у Беларусі, але на Захадзе ў нас нікога не было.
Большасьць з “дванаццаткі” належала да Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы, скончылі яе ў 1947 годзе, і пасьля гэтага ў нас была альтэрнатыва: заставацца ў Нямеччыне, альбо другі варыянт быў – выехаць зь Нямеччыны на нейкую працу ў замежжа. Мы пастанавілі – выехаць і старацца здабыць вышэйшую асьвету. Сабралася нас 11 чалавек, і мы запісаліся выехаць у Ангельшчыну. Далёка не хацелі выяжджаць таму, што ва ўсіх нас была думка заставацца бліжэй да Бацькаўшчыны, бо мы спадзяваліся, што такая сытуацыя не застанецца на вечнасьць, Беларусь будзе калісьці вольнай і нам будзе лягчэй дабрацца назад дамоў”.
Сп. Янка Запруднік працягвае:
(Запруднік: ) “Нас праводзілі натоўпам, праводзілі, як сваіх дзяцей, як сваіх сыноў, жанчыны плакалі і дабраслаўлялі нас. Мы выяжджалі як “адзінаццатка”, па дарозе падабралі яшчэ аднаго, такога як мы, і сталі “дванадцаткай”. У Англіі, як мы прыехалі, сустракаючы Новы год паводле старога стылю на пачатку 1948 году, тост паднялі за “дванаццацёх апосталаў”, на свой лад мы і былі апосталамі нашай нацыянальнай ідэі, жылі ёю, тыя з нас, што засталіся, і да сёньня ёю жывуць”.
У Ангельшчыне юнакі стараліся трымацца разам, але на новым месцы ня ўсё залежала ад іх самых.
(Запруднік: ) “Мы прыехалі ў Кембрыдж, там быў разьмеркавальны лягер. Там трэба было сказаць, на якую працу хто хоча ехаць, быў выбар. Каб застацца разам, мы мусілі пагадзіцца на вугальныя шахты. Нас адразу павезьлі ў Шатляндыю, каля Эдынбургу, там мы прайшлі 6-месячны курс прафэсійнага навучаньня і потым пераехалі ў цэнтральную Англію і там больш-менш расьсяліліся недалёка адзін ад аднаго. Гэта недалёка ад гораду Ковэнтры. Мелі рэгулярныя зборкі, абмяркоўвалі там свае справы”.
“Дванаццатка” не была ніколі аформленая юрыдычна, як грамадзкая суполка, але арганізацыйную глебу пад сабою мела, каб можна было ладзіць сумесную справу.
(Запруднік: ) “Мы падпісалі паміж сабою супольную дамову, свайго роду кантракт. Я даю поўнасьцю тэкст у кніжцы. Гэта быў чыста ўнутраны дакумэнт. Была патрэба арганізавацца, выказаць свае прынцыпы, сьветаглядныя моманты, зазначыўшы таксама, што калі ў шахце хто пакалечыцца ці што, мы дамаўляліся, што тады будзем свае ўсе заработкі дзяліць на 12 роўных частак.
Калі мы выехалі з Міхельсдорфу, зарадзілася думка выдаваць свой лісток, зь якога пачаўся часапіс “Наперад”. Са сваіх невялікіх шахцёрскіх заробкаў стварылі касу, зь яе фінансавалі наш часапіс, дзякуючы якому пасьля кіраўнікі студэнцкай арганізацыі ў Бэльгіі знайшлі магчымасьць пракласьці нам дарогу да ўнівэрсытэту”.
Янка Жучка пацьвярджае:
(Жучка: ) “Змаглі дастаць стыпэндыі на 9 чалавек з 12 на навуку ў Бэльгіі, у Лювэнскім унівэрсытэце”.
Тры юнакі не маглі працягваць адукацыю, і далей агульную справу вялі “лювэнцы”, пакуль вучыліся разам. Яны выдалі ў Бэльгіі яшчэ 3 нумары часапісу “Наперад”. Хлопцы жылі напружаным жыцьцём.
(Запруднік: ) “Часапіс вымагаў вялікага намаганьня. Як мы прыехалі ў Лювэн у сакавіку 1950 году – чатыры гады ўнівэрсытэцкай навукі, трэба было экзамены здаваць і працы панапісваць. Францускую мову нам трэба было вучыць, Мы, калі прыехалі ў Англію, ангельскай мовы ведалі толькі пачаткі з гімназіі, а як прыехалі ў Бэльгію, трэба было ведаць французскую, бо адразу ж мы пайшлі на заняткі.
Мы сьпявалі ў хоры Равенскага, я ў танцавальнай групе быў, сьпяваў у хоры, таксама і іншыя”.
Клопаты сяброў “Дванаццаткі” былі скіраваныя на беларускую справу, менавіта гэтая актыўнасьць і не падабалася савецкім спэцслужбам.
(Запруднік: ) “Таму нас і запісалі ў шпіёны. Абвінавачаньне нас і цэлай эміграцыі ў агентурнай дзейнасьці ня новае”.
Сп. Янка Жучка сьведчыць:
(Жучка: ) “У нас абсалютна ніякіх іншых мэтаў, жаданьняў, акрамя нашае нацыянальнае справы, не было. У нас была першая мэта – застацца нацыяналістамі-беларусамі, а па-другое – здабыць вышэйшую асьвету. Але ж мы былі голыя, у нас не было абсалютна нічога. Калі я прыехаў у Ангельшчыну, у мяне нават сподняй бялізны не было”.
Калі цяжка ўявіць сабе такога “амэрыканскага шпіёна”, дык цікаўнасьць да сябе савецкіх спэцслужбаў яны адчувалі. Сп. Запруднік прыпамінае:
(Запруднік: ) “Празь Лювэн у нас прайшоў адзін чалавек, якога можна было западозрыць, ён там доўга ня быў”.
Але тым ня менш, падстава для віжаваньня за “Дванаццаткаю” у савецкай выведкі ўсё ж была. У 1952 годзе ў Беларусь быў закінуты для нелегальнай працы адзін зь сяброў гуртка – Цімох Вострыкаў. Успамінае Янка Жучка:
(Жучка: ) “Ніхто аб гэтым ня ведаў, пасьля мы толькі даведаліся з савецкай прэсы, што там яго злавілі”.
Тое ж сказаў і Янка Запруднік.
(Запруднік: ) “Дванаццатка” ня мае ніякага дачыненьня да таго, што ён зрабіў. Ён зрабіў гэта на сваю руку і ў сакрэце ад “Дванаццаткі”. Нас гэта не зьдзівіла, мы ведалі, што ён шмат пацярпеў, ягоная сям’я цэлая, ад “камунякаў”, як ён выказваўся. Каб зразумець, чаму Вострыкаў пайшоў на гэты крок, трэба азнаёміцца зь ягонай біяграфіяй. У нашых вачох гэта быў геройскі ўчынак, і такім ён для нас застаўся”.
Цімох Вострыкаў быў арыштаваны, засуджаны, прайшоў лягеры і ўрэшце вярнуўся легальна ў Беларусь, зараз жыве ў Гомелі, аповяд пра яго ўжо гучаў на хвалях нашага Радыё.
Мы пазванілі “амэрыканскаму шпіёну” ў Гомель:
(Вострыкаў: ) “Трэба было нешта рабіць, вось я рашыўся на гэта. Я рашыўся самастойна, ніхто мяне не штурхаў, гэта мая воля была. Бацька мой быў рэпрэсаваны, у мяне быў антысавецкі настрой. Калі я скончыў гімназію, у мяне ўжо быў патрыятычны настрой, і гэта падштурхнула мяне зрабіць нешта дзеля Бацькаўшчыны”.
Цімох Вострыкаў тады зрабіў свой выбар і паступова адышоў ад гурту, але астатнія працягвалі вучыцца і весьці справу, якая патрабавала шмат сілаў. А ці заставаўся ў гэтых яшчэ зусім маладых людзей час на асабістае жыцьцё? Ізноў паслухаем Янку Запрудніка:
(Запруднік: ) “Для асабістага жыцьця, безумоўна, мелі час. Нехта хадзіў у кіно, нехта на патанцулькі, Жылі нармальным жыцьцём”.
Але і ў прыватных справах хлопцы спрабавалі трымацца сваіх традыцый і дамовіліся між сабою жаніцца толькі зь беларускамі.
(Жучка: ) “Такое было, быў дагавор жаніцца толькі зь беларускімі дзяўчатамі. Але, на жаль не выходзіла. Першы ажаніўся Бута, для нас гэта быў скандал, аказваецца, Бута ўжо будзе вясельле спраўляць, з ангелькаю ён ажаніўся. Пасьля гэтага быў Запруднік, але ён зь беларускай ажаніўся”.
Сам сп. Янка потым пабраўся з бэльгійкай, як і ягоны сябра Васіль Шчэцька.
Потым жыцьцёвыя дарогі разьвялі хлопцаў яшчэ далей.
(Запруднік: ) “Мы скончылі ўнівэрсытэт у 1954 годзе, і кожны паехаў сваёй дарогай – працаваць прафэсійна. Далей мы захоўвалі лучнасьць паміж сабою.
Кніжка канчаецца на 1954 годзе – гэта год заканчэньня ўнівэрсытэту”.
На сёньня сяброў “Дванаццаткі” засталося пяцёра, і мы іх вам ужо прадставілі. Лёс двух – Лявона Швайчука і Паўла Дзімітрука – невядомы, адзін застаўся ў Англіі, а другі выехаў ў ЗША. Пяцёра астатнія ўжо ў лепшым сьвеце – Алесь Бута, Алесь Марговіч, Уладзімер Цьвірка, Піліп Дзегцяр, Лявон Карась.
Тут варта сказаць пра тое, што пяць чалавек з гурту зьвязалі свой лёс з працаю ў Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода- гэта Янка Запруднік, Уладзімер Цьвірка, Паўла Ўрбан, Алесь Марговіч і Алесь Карась. Апошні загінуў ў Мюнхене пры загадкавых абставінах. Паўла Урбан успамінае.
(Урбан: ) “На пачатку Радыё яго ўтапілі. Мы яшчэ вучыліся ў Лювэне, Карась раней крыху выехаў працаваць на Радыё. Ёсьць падазрэньне, што яго гэтыя... Тут да ліха было савецкіх шпіёнаў. Мне таксама прысылалі пагрозы”.
Сябра “Дванаццаткі” Янка Запруднік, як некалі Цімох Вострыкаў, па-свойму вырашыў, што трэба зрабіць дзеля Бацькаўшчыны – ён напісаў кнігу. Сп. Запруднік імкнуўся ня столькі абвергнуць тую хлусьню пра сваіх сяброў, якую стварылі вакол іх савецкія спэцорганы, як, найперш, перадаць свой жыцьцёвы вопыт маладым людзям, якія яшчэ шукаюць свой шлях у жыцьці.
(Запруднік: ) “Як ведаеце, у Беларусі абставіны вельмі цяжкія ў сэнсе фармаваньня асобы, тае асобы, якая патрэбная вольнай, дэмакратычнай і незалежнай краіне.
Я таму напісаў кнігу, што яна, паводле майго глыбокага перакананьня, патрэбная. Наагул, сама праблематыка актуальная сёньня. Хацелася свой унёсак зрабіць у абмеркаваньне фундамэнтальнай для нас праблемы і тэмы – гэта ўзгадаваньне маладога пакаленьня.
У кніжцы зьмешчана таксама недзе каля 70 так званых запаветаў. Я зьбіраў выказваньні старэйшых нашых лідэраў, настаўнікаў гімназіі, лідэраў скаўцкіх, каб яны нешта напісалі для моладзі”.
Адзін зь сяброў “Дванаццаткі” Васіль Шчэцька зь Нью-Ёрку, які браў удзел у напісаньні кнігі, таксама лічыць яе патрэбнаю.
(Шчэцька: ) “Я думаю, што гэтая кніжка прынясе малодшым людзям напамінак пра тое, што трэба крыху заняцца самаадукацыяй. Думаю, што паміж маладымі, якія вучацца, калі нават вучацца на расейскай мове, гэтая кніжка можа ўплываць так, што яны будуць думаць, што “Дванаццатка” была ў вельмі дрэнных умовах, але была настолькі патрыятычна ўзьнятая і што ў іх на Радзіме ёсьць больш магчымасьцяў нешта рабіць, каб Беларусь была незалежнай.
Цяпер, па-мойму, у Беларусі ўсё-такі лепшыя абставіны, чым гэта было ў вайну. І я заклікаю беларускую моладзь, каб ня толькі бралі ўдзел у дэманстрацыях, якія разганяе паліцыя, але займаліся б і мірнай працаю, скажам, нейкімі гурткамі, каб заняліся ўзгадаваньнем сябе як адукаваных людзей”.
Кніга відавочна адрасаваная ня толькі моладзі на эміграцыі, а найперш маладому чытачу на Бацькаўшчыне, таму яна і выдадзеная ў Беластоку, каб магла лягчэй трапіць у Беларусь.
(Запруднік: ) “У сучаснай Беларусі ёсьць групы моладзі, якія сябруюць, якія хацелі б нешта зрабіць, і я спадзяюся, што, можа, нашая гісторыя, наш прыклад паслужыць ім нейкім арыентырам”.
Кніга “Дванаццатка” выйшла пад грыфам Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку, фінансавала выданьне Фундацыя імя Пётры Крэчэўскага. Яна выйшла ў сэрыі “Гісторыя беларускай эміграцыі”, як том 2, том 1 – гэта кніга пра гімназію імя Янкі Купалы. Мастацкае афармленьне зрабіла беларуская мастачка са Злучаных Штатаў сп. Ірэна Рагалевіч-Дутко.
Сп. Запруднік паведаміў нам, што замовіць кнігу можна ў Беластоку,
зьвяртацца да сп. Харужага ў рэдакцыі “Часапіса”. |
|
|
|
|
|
|